„А былі-ж і ў цябе сьветлыя часы, вясёлыя дні, і табе, сіраціна, сьвяцілі агні. Навенькім вышаў ты з майстравых рук дзе-небудзь у Лодзі або і ў Варшаве, і цябе не насілі ні Янук, ні Пятрук, а пан які важны, і быў ты ў славе!! (ib., 150).
Каб павялічыць той-жа самы контраст між тонам прамовы адхіленьня ды тэй рэчай, што апісваецца, з мэтай узмоцніць сілу гумору, аўтар прымушае свайго сябра пісара перажыць стан пэўнага хваляваньня ды ўнутранай напружнасьці; ён заўважае, што яго сябра, вымаўляючы першую частку слова аб горкім лёсе выкінутага капялюша, нават заплакаў: „вочы яго былі мокрыя ад сьлёз" (150).
У другім апавяданьні адхіленьне аўтара мае такі-ж самы характар, дый нават і форму, што і ў папярэднім выпадку. [Прадметам апавяданьня зьяўляецца валацуга, гулец у карты і п'яніца Жылка, тымчасам у лірычным апавяданьні аўтара, прысьвечаным гэтаму герою, той-жа самы сур'ёзны ды паважны тон, які мала адпавядае характару гэтай асобы. „Я так патрэсены яго сьмерцю, што мой язык ня можа сказаць і ценю таго, што выяўляў сабою нябожчык" („З днеўніка пана Жылка", 173), Далей зноў, які ў першым выпадку, ён спасылаецца на „нашага прамоўцу" Антося Гладыша і дае яму магчымасьць сказаць апошнюю памінальную прамову аб героі. Уся прамова, паданая раней у разьдзеле тэматыкі, пабудована зноў, на процістаўленьнях: „гэта быў няўтомны баец за „зялёным сталом", ён аддаваўся картам усёй душою, няхай будзе так лёгка табе зямля, як была цяжка твая ігроцкая доля“... ды інш. падкрэсьленыя намі выразы па сэнсу знаходзяцца ў стане контрастаў і, дзякуючы гэтаму, ствараюць гуморыстычнае ўражаньне.
З другіх сродкаў для выяўленьня свайго лірызму аўтар карыстаецца, пераважна, пытаньнямі ды клічнікамі, якія ўжываюцца ад яго асобы ў апавяданьні. З іх варты асаблівае ўвагі тыя зьявы гэтага характару, якія, сьведчачы аб асабістым удзеле аўтара ў тэй дзеі, што ён апісвае, у той-жа час ужываюцца, галоўным чынам, для мэтаў композыцыйнага характару; яны зьяўляюцца лёгічнай сувязьзю паміж асобнымі часьцінамі твору, іх апавядальніцкім імпульсам, пры дапамозе якога аўтар атрымлівае магчымасьць з большай лёгкасьцю пераходзіць ад выяўленьня аднаго моманту дзеі да другога.
Так, у апавяданьні „Імяніны“ ў апісаньні бойкі між вураднікам ды сядзельцам манаполькі ёсьць два моманты: першы—вураднік кідае ў сядзельца гурок, а той перакульвае на яго талерку з капустай; другі — вураднік ускаквае з-за стала і пачынаецца бойка. У выяўленьні гэтых розных паводле зьместу двух момантаў п'янай калатнечы аўтар і ўстаўляе ад сябе пытаньне: „ці-ж можна было сьцярпець гэтакі сорам“? (27), які зьвязвае іх у адну дзею ды мотывуе паводзіны вурадніка, не сьцярпеўшага абразы пасьля талеркі з капустай і скочыўшага з-за стала біцца.
Ці ў апавяданьні „У балоце" ў ролі такіх рухальнікаў апавяданьня ставяцца клічныя сказы, якімі абменьваюцца між сабой яго героі. Яны