Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хрумстала іх (жалуды) бяз усякай жаласьці. На тое-ж яна і сьвіньня даруй, божа, грэх" („Зло не заўсёды зло“, 14); „Купіў ня купіў, а патаргаваць можна“, разважаў Мікалаеў конь" („Знайшлі“, 145); „Язык век па балоце скача і ня гразьнее дый яшчэ і ў Кіеў у карчму завядзе" (ib., 152); „Няхай будзе так лёгка табе зямля, як была цяжка твая ігроцкая доля!“ („З днеўніка пана Жылка", 174).

Як відаць з усяго паданага ілюстрацыйнага матэрыялу, у большасьці выпадкаў аўтар карыстаецца рознымі спосабамі гуморыстычнай мовы пры абрысоўцы дзеючых асоб. Гэта акалічнасьць зусім зразумелая, калі прыняць пад увагу, што істота жывая, рухомая, дынамічная дае значна больш падстаў для вынайдзеньня спосабу гуморыстычных, чым рэч нярухомая, статуарная. Таму пры апісаньні абставін ён у больш рэдкіх выпадках ужывае гуморыстычныя выразы, бо тут няма такой прасторы для іх ужываньня ды разьвіцьця. Ужываючы, аднак, іх у гэтай галіне, аўтар асабліва ахвотна карыстаецца імі, якраз, тады, калі малюе адухоўленую прыроду, г. з. зноў жывую і дынамічную.

Канечна трэба яшчэ зрабіць заўвагу наконт аднаго мастацкага спосабу аўтара, які таксама мае ў сабе рысы гуморыстычнага характару, гэта — асабісты ўдзел аўтара ў апавяданьні. Наогул кажучы, яго лірычны спосаб выяўленьня мае параўнальна нязначнае ўжываньне ў яго творчасьці як гуморыстычнай, так і сур'ёзнай. Стылістычна гэты спосаб аформляецца пры дапамозе розных слоўных сродкаў, якія служаць у мове для яго выражэньня.

Перш за ўсё, лірычныя адхіленьні зьяўляюцца найбольш відавочнымі выяўнікамі гэтага спосабу. Яны сустракаюцца ў двух апавяданьнях: „Знайшлі" ды „З днеўніка пана Жылка" і маюць гуморыстычны характар. Сур'ёзны тон аўтара, якім ён апавядае ў тым і тым выпадку, зусім не адпавядае значнасьці тых рэчаў, што становяць тэму яго адхіленьняў.

У першым апавяданьні, разумеючы сур'ёзнасьць дый нават паважнасьць тэй рэчы, пра якую ідзе гутарка, ён пачынае сваё адхіленьне такім чынам: „Я не магу ня ўспомніць пры гэтым майго друга, пісара, каторы першы, можна сказаць, зьвярнуў увагу на капялюш як сьледуе быць“ („Знайшлі“, 149). Гэта той капялюш стары, выкінуты, занесены, як сьмецьце, ветрам на поле, які ў хуткім часе зрабіўся прадметам спрэчкі двух п'яных герояў — Мікалая ды Нічыпара. Пачаўшы сваё апавяданьне так паважна, аўтар далей аддае слова свайму сябру, пісару, які гаворыць прамову з патосам, уласьцівым прамоўцам. Ён адзначае сьпярша яго цяжкае становішча цяпер: „Капялюш! ляжыш ты, цяпер тут адзін, і топчуць цябе тут людзкія ногі. Цябе даўно забылі і кінулі аднаго, аднаго на зьдзек цэлага сьвету. Пячэ цябе сонца, дажджы паліваюць, топчуць у гразь, нагой падкідаюць" і г. д. (ib., 149—150). Каб павялічыць гумар шляхам контрасту, прамоўца зьвяртаецца потым да ўспамінаў аб мінулым гэтага капялюша, лепшым, як яго сучаснае.