Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

конік, ня чуючы над сабою цьвёрдай гаспадарскай рукі, пачынаў патрошкі лайдачыць" (ib., 145); „Мікалай ня ведаў, што.. ёсьць яшчэ ня горш яго дзюбануўшы Нічыпар Касмык“ (ib., 146); „І дурню было ясна, што гаспадар гэтага носа дужа змагаўся з п'янствам... галялюшчыў ― і толькі" („Так і трэба ашуканцу“, 188).

Нарэшце, у якасьці спосабаў гуморыстычнага стылю аўтар ужывае часамі прыказкі, прымоўкі ды прыгаворкі, ўласьцівыя беларускай мове. Побач з імі, ён ужывае і такія, што створаны ім самім, на ўзор папярэдніх. Мэты іх скарыстаньня тыя-ж самыя, што і спецыфічных выразаў. Іх гукавы ды сэнсавы зьмест часта маюць у сабе прыметы гуморыстычнага характару, а Я. Колас звычайна і ўжывае падобныя выразы.

Да агульна ўжываных прыказак належаць наступныя: „Забі мяне пярун[1], во тут... калі я ня люблю цябе" („Чорт“, 9); „Не брат, ня трэба спаць у шапку" („Калодка пчол“, 14); „Гэта ўсё такія рэчы, каторых паляшукі ня ўжывалі з тых часоў, як паўстаў сьвет божы" („Контракт", 20); „Дзе чубы трашчаць, там і пэйсы ляцяць" („У балоце“, 40); „Пусьці сьвіньню пад стол, то яна захоча на стол“ (ib., 40); „Да што вы ведаеце, з носа ды ў рот“ (ib., 40); „Так, брат: у іх на языку мядок, а на сэрцы лядок" („Андрэй выбаршчык", 59); „Гэта выйдзе ні больш і ні менш, як страляньне вараным гарохам у цагляную сьцяну" („Бунт", 51); „І хто ў лесе ня злодзей, той у дому не гаспадар“ („Малады дубок", 60); „Андрэй кіраваўся прыказкаю: Не бяры чужога і ня бойся нікога" (ib., 60); „Галоднай куме, кажуць, хлеб на вуме" („Соцыяліст“, 123); „Мікалай і ў вус сабе ня дуў, бо нічога ня чуў" („Знайшлі“, 146); „Але калі ўжо шанцуе, то і ў лапцях танцуе“ („Так і трэба ашуканцу“, 187); „Гэта дурань казаў, што добры пачатак—палавіна справы" (ib., 196); „Каб Сьпірыдон быў профэсарам, то ён вучыў-бы, усім казаў-бы: „Калі ідзеш на каханьне, а табе сьвіньня на спатканьне—вярніся і сядзі дома" (ib., 196); „Ані прыступу (да Кацярыны Паўлаўны). На казе не пад'едзеш" (ib., 197).

Цікава адзначыць, што некаторыя прыказкі ды прыгаворкі ўваходзяць у склад параўнаньняў, надаючы гуморыстычнае адценьне ці сваім зьместам, ці ствараючы яго ненатуральным злучэньнем вобразу параўнаньня з яго тэмай. Прыклады:

„Чаго ты прывязаўся, як смала („Чорт“, 13); „Нос аказаўся на сваім месцы, як салдат на часох" („Імяніны“, 27); „Папаўся, як ў нерат" („У балоце“, 38); „Чаго ты ўтаропіўся, як воўк на парасё?“ („Дзеравеншчына", 31); „Той уляпаў сваё, як сьвіньня ў гарох" („Так і трэба ашуканцу", 198) ды інш.

Да такіх выразаў накшталт прыказак і г. д., якія складаў сам аўтар, трэба залічыць: „Ну, і пісар-жа з цябе! — накінуўся стараста на Міхалку: „пісаў, пісаў пісака, да не разьбярэ і сабака" („Контракт“, 22); „Сьвіньня

  1. Мабыць, адпавядае расійскай прыказцы: Порази меня бог.