Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьвернемся цяпер да конкрэтнага разгляду дзеючых асоб у апавяданьнях Я. Коласа. На першым пляне выступаюць зарысоўкі агульнаполітычных настрояў беларускай вёскі, датычных, галоўным чынам, 1905 г.; яны маюць гумарыстычны характар. У аддаленай пэрспэктыве выступае герой колектыўнага характару; гэта — сяляне, якія вядуць размовы пра соцыялістых, наконт зямлі ды інш.

Праўда, з іх выдзяляюцца асобныя постаці, якія называюцца па імёнах, як гэта мы маем у апавяданьні „Соцкі падвёў“, дзе выступаюць „лёгкі на язык“ Андрэй Падгорны, „Стары Базыль“, Янка Дудар ды інш., але гэта не індывідуальныя героі, выразна акрэсьленыя, але проста тыя з натоўпу мужыкоў, што сабраліся і вядуць сваю вясёлую гутарку: іх абазначаньні ўласнымі імёнамі выклікаюцца чыста стылістычнымі меркаваньнямі, бо яно замяняе сабой простае адцягненае пералічэньне. Некаторыя з іх, аднак, ня маюць і такіх імён; адзін з тых, што гаворыць у гэтым-жа апавяданьні, абазначаецца славамі: „худы, высокі, як цапіліна, галадранскі мужык“ (30). Іх адносіны да пытаньняў соцыяльнага і політычнага характару зусім ня сталыя, усё ставіцца да жартаў і калямбуру. Сяляне апанавалі ўсяго толькі лексыкай тадышняга політычнага часу (соцыяліст, дэмократ, забастоўшчык, чарнасоценец ды інш.) і опэруюць ëю, абы змарнаваць час. Існасьць пытаньня застаецца зусім недаступнай; з прычыны гэтага і соцыяльная эмоцыя народнай масы атрымала ўсяго толькі няглыбокае, чыста знадворнае і аднабакова—гумарыстычнае выяўленьне. Гэта пацьвярджаецца і другім апавяданьнем пад назвай „Соцыяліст“. Тут таксама выступаюць сяляне, якія прыслухоўваюцца да тых гутарак аб зямлі, што пачаліся ў гэты час. Тыя „нейкія доўгенькія паперкі друкаваныя — „проклямацыі“, што зьявіліся ў іх, выклікаюць значную зацікаўленасьць. Асабліва „падабаліся“ яны аднаму селяніну, якога аўтар проста называе ў першай асобе, ён едзе ў горад і, ходзячы па рынку, пытаецца:

— Ці ня ведаеце, браткі, дзе проклямацыі прадаюцца?

— А спытай, — кажа адзін ашуканец, — вунь, у стражніка (123).

Ён пытае, і ў выніку — турма.

Гумар у такіх абмалёўках і заключаецца у утрыраванай аднабаковасьці, у згушчаньні аднолькавых, у даным выпадку, лёгкадумных рысаў, што надаюцца героям гэтых апавяданьняў; у выніку атрымліваецца пэўная бязглузьдзіца, алёгізм у абмалёўцы дзеючых асоб, які выклікае усьмешку ў чытача.

Часамі, аднак, сяляне выяўляюць пэўную сьвядомасьць у галіне політычнага жыцьця. Так пры выбарах у Дзяржаўную Думу ("Андрэй Выбаршчык") яны даюць наказ свайму ўпоўнаважнаму ня гнацца "за панскаю гарбатаю", але падаваць голас за тых, хто змагаецца за мужыцкую справу. Але з гэтага нічога ня выходаіць. Абіраюць другіх асоб, а Андрэй Выбаршчык трапляе ў комічнае становішча. Ён прыходзіць разам