сваё гора: заўсёды выпадала так, што беднаму Івану ніколі не ўдавалася выплакацца, выгаравацца“.. Цягнулася яна з даўных-даўных часоў, з тых часоў, калі Івана яшчэ трудна было адлічыць ад Мар'і, іначай сказаўшы, калі Іван яшчэ пехатой хадзіў пад стол“ (155). Гумар паданых мэтафорычных сказаў у тым, што для іх ужываюцца спэцыфічныя словы, якія ў адпаведным слоўным акружэньні ствараюць гуморыстычнае ўражаньне: вастрыў зубы, абівалі свае языкі, пехатой хадзіў пад стол і г. д.
Гіпэрболічныя выразы належаць пераважна да апісаньняў знадворных абставін. Самі з сябе гіпэрболы, як спосабы слоўнага выражэньня, якія выходзяць з межаў нормы жыцьцёвых абставін, маюць у сабе даныя, каб выклікаць надмерныя эмоцыі, між іншым, і сьмех. Іхнае мастацкае прызначэньне відаць асабліва ясна, калі яны падтрымліваюць ці-ж то ўзмацняюць тую агульную эмоцыянальную атмосфэру, якой насычаны той ці іншы твор. У апавяданьнях Я. Коласа яны зьяўляюцца працягам таго гуморыстычнага рэчытатыву, які праходзіць праз іх спачатку да канца. Малюючы абставіны ў апавяданьні „Калодка пчол“— з гэтага і пачынаецца апавяданьне, — аўтар ужывае гіпэрболу: „У гутарцы так надымілі люлькамі, што і галоў іх ня было відаць" (14); яна ўводзіцца ў апавяданьне з самага пачатку яго і да пэўнай меры ўжо стварае ў чытача ўражаньне, што далейшы зьмест апавяданьня будзе мець нясур'ёзны характар. Тая самая гіпэрбола паўтараецца ў такіх-жа самых умовах і ў апавяданьні „Контракт“: „Захрыпелі цыбукі, застукалі люлькі аб тоўстыя кіпці, а ў хаце падняўся такі дым, што ня можна было пазнаць трэцяга чалавека, хоць яго нос і можна было абмацаць рукою“ (18). Ці-ж пры апісаньні шынка „Порт-Артур" („Кірмаш") ужываецца такая-ж самая гіпэрбола: „Гэта хатка заўсягды была паўнютка людзей, там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла" (52).
Пэўныя рысы мэтафорычнасьці ды гіпэрболічнасьці ёсьць у тым стылістычным спосабе, якім аўтар асабліва шырака карыстаецца з тых-жа самых мэтаў гуморыстычнага характару; гэта—спосаб ужываньня ў апавяданьні вялікай колькасьці лаянак, а таксама шэраг прыгаворак, прыказак ды спэцыфічных выразаў. Зьявы гэтага парадку насычаюць твор спачатку і да канца; з прычыны гэтага, гуморыстычная стыхія ў іх не замірае ні наводную хвіліну. З свайго зьместу ды формы яны вельмі рознастайныя.
Калі разглядаць іх па прыметах тэматычнага характару, дык, перш за ўсё, трэба адзначыць лаянкі, дзе фігуруе ў тым ці іншым выглядзе „чорт". Прыкладаў такіх надта многа, і яны рознастайныя.
Вось яны:
„Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес: чэрці, трасца вашай галаве, куды ідзеце!“ („Чорт“, 11); Міхалка „бярэцца за гарачую шклянку і тут-жа борзьдзенька адрывае ад яе апечаную руку... Гарбата, як-бы яе чэрці таўхануць, разьліваецца па стале і на порткі Міхалку"