Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У такім-жа відзе стылізаванай царкоўна-славянскай мовай гаворыць другі герой духоўнага стану — дзяк з апавяданьня „Імяніны“. Увайшоўшы да пісара на імяніны, ён вітае гаспадара словамі: „Се жэніх градзе" (24). Ці, калі скончылася п'яная калатнеча між вураднікам і сядзельцам з манаполькі, то дзяк пеў: „Каня і всадніка морэ чэрэ-мно-о-о-о-е“... (28).

Той-жа самы спосаб стылізацыі выяўляецца і ў другой яшчэ форме. У апавяданьні „Соцкі падвёў" з асобных заўваг, якія кідае пісьменьнік на працягу ўсяго апавяданьня, ясна відаць, што соцыялісты, якога шукае вураднік і на якім ён марыць зрабіць сабе добрую кар'еру, зьяўляецца толькі фальшывым соцыялістым. Гэтыя аўтарскія заўвагі, якія інтрыгуюць чытача, выклікаюць яго зацікаўленасьць, намякаюць на фальшывасьць ды нібытасьць героя соцыялістага, і становяць асобны від стылізаванага выяўленьня аднэй з дзеючых асоб твору. Больш выразна ён выяўляецца ва ўжываньні адпаведных параўнаньняў. Сюды належаць такія прыклады: „Гэтакі ён соцыяліст, як ты, прымерам, маёй кабыле дзядзька" (30), „А ты, мусіць, знаешся на соцыялістых, як мая сьвіньня на пастах" (30), „соцыяліст спаў, як пшаніцу прадаўшы" (33), „соцыяліст сьпіць сабе на баку толькі носам сьвішча і храпе, як божы баранчык" (так называюць адну птушку) (34). Такія-ж самыя гуморыстычна-стылізаваныя параўнаньні пісьменьнік ужывае ў хактарыстыках і другіх асоб таго самага апавяданьня. Сам вураднік у розныя моманты характарызуецца пры дапамозе такіх-жа параўнаньняў, калі ён марыць аб сваёй высокай кар'еры, дык гэтае лятуценнае становішча яго аўтар вызначае параўнаньнем: „І пашоў наш вураднік угару, як цыган па драбінах на неба“ (29); ці калі ён арыштаваў фальшывага соцыялістага і прышоў паведаміць начальства аб сваім высокім ўчынку, дык ён, паводле слоў аўтара, „стаяў і пазіраў на прыстава так, як-бы ён, вураднік, схапіў з неба зорку або японскага мікаду забраў у плен" (36). П'янага Янку ён малюе такім чынам: „Сам Янка падаваўся то ўзад, то ўперад, як воз сена, каторы ўціскаюць на грэблі“ (31). Сполах сьвяшчэньніка, да якога прышоў вураднік шукаць соцыялістага, выражаецца ў параўнаньні: „пабялеў і стаяў, як укопаны" (33).

Ці вось прыклады з другіх апавяданьняў, у якіх гуморыстычныя параўнаньні ўжываюцца як спосабы абрысоўкі герояў. Загразшая разам з седакамі панская брычка малюецца з дапамогай такіх гуморыстычных параўнаньняў: „Сядзяць, бедныя, як мурашкі на купіне сярод лужыны" (37); „месяцца па гразі, як мухі па сьмятане, тупаюць вакруг брычкі, бядуюць, ахаюць, охкаюць" (37). Портрэт аднаго з таварышоў Пятруся ў апавяданьні „Кірмаш“ — Каруся Апалота — акрэсьліваецца пры дапамозе ўсяго толькі двух гуморыстычных параўнаньняў: „У яго вочы былі ўжо як ў салавейчыка, а з губы нясло, як з бочкі“ (51). Выбаршчык з саюзу рускага народу („Андрэй выбаршчык") рэагуе на лаянку яго організацыі так: „Выбаршчык усё слухаў ды вачамі моргаў, а потым, як усхопіцца, усё роўна як на шыла сеў“... (62). Ці аб кажуху старога Анісіма гаворыцца: „Латка чаплялася за латку, то як кастры аладак, то як кучкі