Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стайныя віды гумору ў тэматычным матэрыяле разгляданых твораў. Зараз мы разгледзім выяўленьне таго-ж самага гумору ў самым стылі іх.

У апавяданьнях першай групы гумор пісьменьніка выяўляецца, перш за ўсё, у імкненьні да індывідуалізацыі мовы герояў. Праўда, гэты спосаб не пашыраецца на ўсіх герояў твораў гэтага шэрагу; ён выкарыстоўваецца ў стасунку толькі да некаторых дзеючых асоб. Так, у апавяданьні „Соцкі падвёў" кароткая ды пабежная гутарка п'янага Янкі Дудара — аднаго з выпадковых бяседнікаў у натаўпе, абгаварваўшым пытаньні політыкі, даецца аўтарам у стылізаваным гуморыстычным выглядзе.

— ...Ты знаеш, хто я? Я—дэмократ і забастоўшчык першай гільдыі. Хлопцы, браткі мае родныя! Хадзем бунтавацца!..

Яго палохаюць вураднікам, але неспадзеўкі зьяўляецца яго жонка:

— А каб ты смалы напіўся, гад! — крыкнула баба, і мешалка мельканула ўгары і гладка прыстала да сярэдзіны худога янкавага пела.

— Што робіш? — крыкнуў, нібы сярдзіта стары Базыль на Дударыху: — ня бачыш, ці што? Ён зямлі і свабоды дабіваецца мужыком.

Мешалка паддала Янку сілы і ён даволі борзда стаў на ногі.

— Арыштую! — крычаў ён на жонку: — не палагаецца насіць аружжа. У арыштанскія роты аддам па 25 стацьці.

— Ваенна-палявым судом судзіць буду! — бушаваў Янка: — я — забастоўшчык, а ты хто? Чорнасоценец! От хто ты, — гаварыў Янка сваёй бабе, ужо ідучы дадому (31- 32).

Гумор у паданай вынятцы дасягаецца тым, што той, хто гаворыць, прыўлашчае сабе такі стан (дэмократ, забастоўшчык, бунтар, прадстаўнік судовай улады), якія яму па ходу апавяданьня не належаць. Апрача таго, самое карыстаньне тэрмінолёгіяй, неўласьцівай герою ў яго сапраўдным стане (арыштуе, у арыштанцкія роты па 25 стацьці, ваенна-палявым судом судзіць і г. д.), павялічвае ў яшчэ большай меры гуморыстычнае напружаньне гэтай мовы. Нарэшце, злучэньне разуменьня, запазычаных з процілежных ды несумяшчальных сфэр жыцьця (дэмократ і забастоўшчык першай гільдыі) уводзіцца з тых-жа самых гуморыстычных мэтаў.

Далей, стылізавана мова і яшчэ аднаго другараднага ды выпадковага героя ў тым-жа самым апавяданьні. А менавіта, сьвяшчэньнік, у хаце якога спыніўся нібы-то соцыяліст, гаворыць, як і належыць яго стану, тэкстамі з сьвятога пісьма. У хвіліну найбольшага напружаньня, іменна, калі здавалася, што ў яго сапраўдны соцыялісты, сьвяшчэньнік цытуе такія словы:

„Ад вешчы, ва цьме прахадзяшчыя, ад беса палудзеннага“... „Яко счэзае воск ад ліца агня“... (34). Комізм гэтай гутаркі сьвяшчэньніка ня ў тых словах, якія ён гаворыць, але ў тым, што яны, як зусім зразумела чытачу гэтага апавяданьня з папярэдніх намёкаў у ім, гаворацца ў абставінах падзей зусім нясур'ёзных, тымчасам як гаворачаму герою яны здаюцца сур'ёзнымі дый нават трагічнымі.