Нарэшце, шэраг вобразаў з сьвету жывёл, што ў Я. Коласа праходзяць у якасьці дзеючых асоб побач з тыпамі людзей, як іхныя блізкія сябры, таксама зьяўляюцца працягам традыцыі, меўшай сваё месца ў поэтыцы натуральнай школы. Можна ўспомніць зарысоўкі жывёл, галоўным чынам, сабак, якія даў І. С. Тургенев у шэрагу сваіх апавяданьняў. Такія жывёлы, як сабакі Валетка, Контэска, Муму, Пегас, Тарталья, донскі конь Малек-Адэль, робяцца таварышамі герояў у такой-жа меры, як і коні ў апавяданьнях Я. Коласа. Тое, што тут ёсьць мастацкая традыцыя, не выклікае ніякіх спрэчак.
Мы вызначылі ўсяго толькі некаторыя сувязі між творчасьцю Я. Коласа ды рознымі зьявамі соцыяльных і літаратурных абставін, як сучаснай яму пары, так і ранейшай. У межах гэтага пытаньня мы адзначылі пэўную роўналежнасьць, якая сьведчыць толькі а працягу пэўнай літаратурнай традыцыі, аб прызвычаенасьці нашага мастака да пэўных соцыяльных і літаратурных густаў ды настрояў. Гэтымі толькі некаторымі нагляданьнямі ў галіне вызначэньня гістарычнай сувязі і абмяжоўваюцца нашы дасьледзіны. Гаварыць пра тое, што маюцца якіясь уплывы ў разгледжаных творах Я. Коласа дый наогул вырашыць пытаньне гістарызму прыстасоўна да іх у поўнай меры цяпер, як ужо зазначалася, зусім немагчыма, бо няма конкрэтных даных.
Пасьля аналізу тэматыкі твораў Я. Коласа ды яе частковага тлумачэньня мы пераходзім да разгляду больш дробных мастацкіх зьяў, а менавіта—да выўчэньня іх стылістычных уласьцівасьцяй. Характарную ўласьцівасьць мастацкай мовы пісьменьніка становіць непарыўная органічная блізкасьць і сувязь яго з асноўнымі момантамі зьместу апавяданьняў, вызначанымі раней. Асабліва цесна зьвязаны стыль мастака з героямі яго твораў. Таму разглядаць моўныя зьявы ў іх адцягнена, асобна ад тэматыкі зусім немагчыма. Кожны з тэматычных цэнтраў, наўкола якіх круціцца ўся ідэёвасьць апавяданьняў, азначае да пэўнай меры характар зьместу мастацкай мовы ды ўласьцівасьці яе формы. Але побач з адзнакамі, характарнымі для стылю кожнай тэматычнай сфэры, у мове Я. Коласа, як мастацкім цэлым, маецца шэраг зьяў агульных, якія пашыраюць свой уплыў на ўвесь стыль пісьменьніка. У залежнасьці ад гэтага, мы бачым у яго, з аднаго боку, пэўныя імкненьні да стылізацыі сваёй мастацкай мовы, да прыстасаваньня яе да кожнага індывідуальнага выпадку, а з другога—да стварэньня мастацкай мовы, як аднаго цэлага.
Спосаб стылізацыі ўжываецца ва ўсіх апавяданьнях Я. Коласа, — як гуморыстычных, так і сур'ёзных. Але асабліва шырока ў сваіх творах ён карыстаецца ім, як тым сродкам гумару, што сам па сабе зьяўляецца ўжо пэўным відам стылізацыі мастацкай мовы. Раней мы зазначалі розна-