Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кіх выяўленьняў у творах розных жанраў; можна ўспомніць на гэты выпадак вядомы роман Новаліса „Heinrich von Ofterdingen“ ці знаёмыя ўсім вершы Пушкіна ды Лермантава пад аднэй і тэй-жа назвай „Пророк“. Сымболіка нацыянальных пачуцьцяў, уложаная поэтам у гэтыя творы, зьяўляецца продуктам яго асабістых перажываньняў, якія сьведчаць аб яго высокім замілаваньні да радзімы — Беларусі.

Адзначаючы гэтыя рэмінісцэнцыі ды роўналежнасьць між асобнымі зьявамі ў тэматыцы Я. Коласа і поэтыкі романтычнай, канечна трэба яшчэ раз падкрэсьліць, што ўсе яны маюць толькі ідэёвы, а часамі ўсяго толькі знадворны характар. Агульная ахварбоўка мастацкай творчасьці, а таксама і шмат якія дэталі ў ёй, характарныя для романтыкаў, у нашага пісьменьніка маюць часта іншы выгляд. Асабліва гэта трэба сказаць наконт тэй фантастычнай містыкі, якая так густа ахутвала поэтыцкія выяўленьні романтыкаў і перашкаджала ім цьвяроза і проста глядзець на акаляўшы іх сьвет. Гэтая романтычная смуга ў нашага пісьменьніка зусім разьвеялася. Асабліва ясна гэта відаць з таго, што, насупроць некаторым групам поэтаў-романтыкаў, якія звычайна закрывалі вочы на пытаньні соцыяльныя ды політычныя, наш пісьменьнік зусім выразна гэтыя пытаньні адчувае, выразна іх ставіць і ня менш выразна іх разьвязвае. У тых-жа сваіх вершах у прозе, а таксама і ў другіх сваіх сур'ёзных апавяданьнях, ён, побач з думкамі чыста романтычнымі, зусім відавочна ды конкрэтна азначае соцыяльную сытуацыю таго моманту, які ён малюе, а менавіта тую, што была характарнай для Беларусі. Гэтым ён зноў варочаецца ў межы натуральнай школы з яе імкненьнем да „аднаўленьня рэчаіснасьці ва ўсёй яе праўдзе“.

Блізкі ён да яе ў сваім выяўленьні другіх, апрача Юркі, пэрсонажаў з падрастаўшага пакаленьня, тых, што выступаюць у апавяданьні „У старых дубох“. Вобразы маладых герояў Базыля ды Грышкі з іхнай дзіцячай філёзофіяй так жыва ўваскрашаюць ў памяці тыпы дзяцей Ілюшы ды Косьці з апавяданьня І. С. Тургенева „Бежин Луг“. Тут і там тая-ж самая зацікаўленасьць да пытаньняў вышэйшага парадку, тая самая наіўная забабоннасьць, непасрэднасьць іхнай натуры. Розьніца паміж імі, параўнальна, невялікая, хаця тыя абставіны, што іх акружаюць, зусім розныя.

Тая-ж самая блізкасьць да натуральных зарысовак жыцьця ясна выяўляецца і ў абрысоўцы лясьніка Васіля Чурылы; яго сумная бяз жаднага сэнсу выпадковая гібель сьведчыць а пэўным сваяцтве з вобразамі аднаго сярод раньніх прадстаўнікоў народніцтва ў расійскай літаратуры, а менавіта—Д. В. Грыгаровіча, даўшага мастацкі малюнак сумнага лёсу прыгоннага мужыка Антона Гарамыкі. Як ва ўмовах прыгоннага быту, дзякуючы сваёй простадушнасьці ды дабраце, гэты герой канчае трагічна, так і ў абставінах іншых адносін — у часы першых год рэволюцыйнай барацьбы — ён ня здолеў перамагчы акалічнасьцяй і зрабіўся няшчаснаю ахвяраю іх.