Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Для Я. Коласа агульная асноўная мэта яго твору была, на нашу думку, у тым, каб даць псыхолёгічны аналіз зробленага гэтага злачынства, непасрэдных прычын, што давялі да яго, ды вынікаў гэтага злачынства. Тая самая мэта, як зазначыла ў свой час і крытыка[1], стаяла і перад Дастаеўскім у яго романе „Преступление и наказание“.

У межах пастаўленай задачы наш аўтар дае падрабязнае апісаньне таго, як злачынная думка, запаўшая ў галаву Андрэя пад ўплывам жыцьцёвых недахваткаў ды матэрыяльнай незабясьпечанасьці, паступова расьце і мучыць яго да таго часу, пакуль ён яе не ажыцьцяўляе. Тут пачынаюцца ўжо другія адчуваньні — імкненьне схаваць сьляды свайго злачынства, якое скончылася, аднак, тым, што ён прызнаўся ў ім; зусім тая самая схэма ляжыць і ў аснове твору Дастаеўскага, толькі яна абстаўлена больш падрабязнымі ды больш складанымі псыхолёгічнымі экскурсамі, часта ў галіну падсьвядомых інстынктыўных зьяў чалавечай псыхікі.

Але роўналежнасьць адчуваецца і ў дэталях. Так, тая трывога, што адчувае Андрэй перад тым, як сьсячы малады дубок, у мініятуры нагадвае складаныя і доўгія мукі ды ваганьні Раскольнікава перад забойствам. Ці, Раскольнікаў бачыць перад злачынствам сон, зьвязаны з яго намерамі і думкамі аб ім; такі-ж трывожны сон перажывае і Андрэй пасьля таго, як дубок ужо сьсечаны і злачынства зроблена. Нарэшце, асобныя перажываньні Андрэя — скруха, адзнаньне таго, што сакрэт яго злачынства ведаюць усе ды г. д., — усе гэтыя асобныя штрыхі маюць для сябе роўналежнасьць у адчуваньнях Раскольнікава ды ідэёва зьвязаны з творам Дастаеўскага.

Воўным чынам, у апавяданьні „Злучыліся“ хлопчык Юрка сваёй романтычнай адчужанасьцю ад сьвету мае шэраг такіх рысаў, якія крыху нагадваюць аскетызм маладога героя ў романе Дастаеўскага „Братья Карамазовы“ — Алёшы. Увогуле-ж сваім абліччам гэты гэрой становіць сабой тыповы ўзор романтычнага героя тыпу die schöne Seele. Праўда, пад уплывам умоў зьмененых жыцьця, ён страціў гушчыню романтычнага флёру, які так шчыльна ахутваў яго прототыпаў, абарачаючы іх у вобразы, насіўшыя з поўным правам эпітэт wundervoll; ён зрабіўся больш рэальным, блізкім да абыдзеннай рачаіснасьці жыцьця. З прычыны гэтага, ён страціў шырыню романтычнай натуры; ён зрабіўся больш вузкім. Ня гледзячы на гэта, некаторыя рысы ў яго ўнутраным абліччы выразна сьведчаць аб яго сваяцтве, хаця і далёкім, з героямі мэлянхолічнай романтыкі. Яго самота-сіроцтва, кволасьць і далікатнасьць яго прыроды мімаволі выклікаюць у памяці шэрагу герояў з такімі-ж уласьцівасьцямі, што маюцца ў творах романтыкаў, асабліва нямецкіх, як, напр., Моваліс, Цік, Ваккенродэр, Брэнтано ды інш.

  1. Гл. пра гэта кнігу І. І. Замоціна. Достоевский в русской критике, ч. І-ая. Варшава. 1913 г., стар. 119 і наст.