Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тымі-ж прычынамі, што і ў нашага мастака, г. зн. адсутнасьцю ў герояў самой патрэбы ў любаваньні хараством прыроды, адсутнасьцю ў іх належнай эстэтычнай эмоцыі.

Але мастацкія інтарэсы натуральнай школы, як ужо зазначалася, не абмяжоўваюцца толькі выяўленьнем гуморыстычных і адмоўных бакоў жыцьця. У яе задачы ўваходзіць выяўленьне і станоўкіх сур'ёзных зьяў жыцьця. У гэтым кірунку яе межы больш шырокія і зьмест яе больш рознастайны, як у сфэры пытаньняў першага шэрагу, З усёй масы розных пісьменьнікаў, заходня-эўропэйскіх і расійскіх, якія ў той ці іншай меры належаць да гэтага кірунку, мусім, для вызначэньня гістарычнай традыцыі, выбіраць больш за ўсё блізкіх да таго мастацкага об'екту, што намі дасьледуецца. Прыстасоўна да тэматыкі апавяданьняў Я. Коласа другой групы, г. зн. апавяданьняў сур'ёзных, больш блізкай, на наш погляд, зьяўляецца творчасьць Дастаеўскага і Тургенева, якіх таксама звычайна лічаць за прадстаўнікоў натуральнай школы. У прыватнасьці, абодва пісьменьнікі маюць цесную ды органічную сувязь з тварчасьцю Гогаля, што ў свой час было выразна падкрэсьлена В. Г. Белінскім і другімі прадстаўнікамі крытычнай думкі. Такім чынам, адзначаючы пэўную роўналежнасьць між творамі Я. Коласа і творчасьцю вышэйпамянёных пісьменьнікаў, мы ўвесь час, пры ўстанаўленьні гістарычных сувязяй для дасьледваных намі твораў, застаемся ў межах аднаго і таго-ж літаратурнага густу і кірунку.

Жанр для сур'ёзных апавяданьняў Я. Коласа застаецца той-жа самы, г. зн. апавяданьне ці новэля. Але ў пэўных выпадках гэты від мастацкай творчасьці набывае большыя разьмеры, бо ў іх наш аўтар не абмяжоўваецца толькі выяўленьнем статычнага аблічча свайго героя, але дае ўжо і яго гісторыю. Асабліва гэта мусім сказаць а такіх творах, як „Малады дубок" і „Злучыліся“, якія ў значнай меры набліжаюцца ўжо да апавяданьня. Такі-ж вялікія жанры скарыстоўвалі і памянёныя расійскія пісьменьнікі — Тургенев і Дастаеўскі, дзякуючы чаму ў гэтых адносінах аддаленая роўналежнасьць між імі вызначаецца ясна.

У стасунку да тых псыхолёгічных гісторый, што Я. Колас дае ў зазначаных апавяданьнях, ён бліжэй за ўсё да творчасьці Дастаеўскага, калі ён ад натуралізму знадворнага бытаапісаньня перайшоў да натуралізму псыхолёгічных дасьледзін. У прыватнасьці, выразна адчуваецца роўналежнасьць між злачынствам Андрэя („Малады дубок“), яго ўнутраных перажываньняў з гэтага поваду і злачынствам Раскольнікава („Преступление и наказание"). Само сабою зразумела, разьмеры адчуваньняў абодвух герояў неаднолькавыя, паколькі неаднолькавыя паводле свайго значэньня і зробленыя кожным з іх злачынствы. Злачынства Андрэя больш мініятурнае ды простае як ў моральным, так і ў фізычным сэнсе, тымчасам як учынак Раскольнікава ў тымі ў другім стасунку больш складаны ды вялікі. Але агульная схема гэтых твораў мае шмат падобных рыс.