Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

непатрэбных яму рэчаў, то дыапазон яго чыннасьці ў гэтым кірунку проста нязьмерны. Як вядома, „ён купляў кучу ўсяго, што перш за ўсё траплялася на вочы ў крамах: хамутоў, курыльных сьвечак, хустак для мамкі, жарабца, разынак, грэбны рукамыйнік, галяндзкага палатна, пытляванай мукі, табакі, пісталетаў" і г. д., але ўсё гэта ішло потым марна: „рэдка здаралася, каб гэта было даведзена дадому: амаль у той-жа самы дзень спускалася яно ўсё другому, шчасьлівейшаму гульцу“. Аднак, ня гледзячы на тыя зьмены, што адбыліся, у вобразах нашага пісьменьніка адчуваецца пэўная ідэёвая крэўнасьць з далёкімі продкамі часоў прыгоньніцкай гаспадаркі.

Забабоннасьць з усімі выцякаўшымі з яе вынікамі таксама значна зьмянілася. У абрысоўках Гогаля яна мела неабмежаваныя граніцы і часта пераходзіла ў фантастыку, даючы яму багаты матар'ял для апавяданьняў ў „Вечерах“ ды ў „Миргороде“. У апавяданьнях Я. Коласа гэта рыса народнай псыхолёгіі зноў, з прычыны таго, што жыцьцё пашло ўперад, ужо значна скарацілася ў сваіх разьмерах. Фантастычны туман, якім абвеяны творы Гогаля, цяпер зусім расьсеяўся. Для яго месца не знайшлося, бо ва ўмовах жыцьця ХХ веку цяжка ўявіць сабе чалавека, нават, у самым мядзьведжым кутку, што быў-бы такі прыхамотлівы, як героі Гогаля. Цяпер гэта ўласьцівасьць спросьцілася, яна зрабілася прымітыўнай і нескладанай: яна набыла больш рэальнае тлумачэньне. Калі ўзяць апавяданьне „На начлезе“ ды яго героя Тамаша Чучку і параўнаць з дзядамі ў апавяданьнях Гогаля „Пропавшая грамота" і „Заколдованное место“, дык розьніца паміж імі будзе зусім відавочная. Тамаш лічыць сябе за ахвяру нячыстай чартоўскай сілы ў такой сытуацыі, якая стварылася выпадкова і проста, дзякуючы штукам яго кампанейцаў на начлезе — жартаўлівых падлеткаў. Тымчасам у Гогаля няземная сіла, строіўшая жарты, над героямі, выступае ў эпічных разьмерах і адпаведным фантастычным патосам.

Тое самае магчыма бачыць і ў стасунку да выяўленьня інтымнай сувязі рэчаў з іх гаспадарамі. Яна жыве яшчэ ва ўмовах нашага часу і знайшла адбіцьцё ў Я. Коласа, але зноў ужо ў абмежаваных разьмерах; толькі дзед Анісім так моцна прырос да свайго кажуха ці Сьцяпан на ўспамін аб любых яму рэчах купляе непатрэбныя яму падрызьнікі. Ва ўмовах дробна-шляхецкіх абставін, абрысаваных Гогалем, гэта сувязь выяўляецца ў больш шырокім маштабе. Тут усе рэчы, пачынаючы ад памяшканьня, сядзібы ды канчаючы самымі дробнымі хатнімі рэчамі, — усё зраслося з чалавекам і носіць яго адбітак; недарма Чычыкаў прывык, уваходзячы ў дом, разглядаць памяшканьне чалавека, думаючы па ім знайсьці ў ім уласьцівасьці самога гаспадара“... Прычынай, якая так зьмяніла жыцьцё ў гэтым стасунку, ёсьць тая самая грамадзкая асярэдзіна. Калі абставіны маларухомага натуральна-шляхецкага жыцьця спагадалі ўзмацненьню ды росквіту такога консэрватызму, то часы нашых дзён, часы панаваньня капіталістычнай гаспадаркі з яе жвавым рухам,