Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

натуральным стылі, што ў тэматычных адносінах творчасьць іх мае пэўную датычнасьць. Як вядома, для Гогаля галоўнай стыхіяй яго літаратурнай чыннасьці была дробна шляхецкая асярэдзіна, куды ўваходзіла, як пэўны інгрэдыент, і сялянства; яно ў пэўнай меры па дарозе таксама знайшло, праўда, надта нязначнае месца ў абрысоўках расійскага пісьменьніка. Гэта акалічнасьць і прымушае перш за ўсё паставіць іх у сувязь для вызначэньня літаратурнай традыцыі.

Раней за ўсё, самы жанр мастацкай творчасьці, якім карыстаецца Я. Колас, а менавіта, апавяданьне, новэля, дае поўную падставу паставіць нашага пісьменьніка ў гістарычную сувязь з натуральнай школай, для якой гэта адменнасьць літаратурных твораў была аднэй сярод самых характарных. У прыватнасьці, той самы Гогаль, як вядома, ужываў пераважна гэтыя віды поэтычнай творчасьці; яго зборнікі „Вечера на хуторе близ Диканьки", „Миргород" складаюцца з шэрагу паасобных апавяданьняў—новэль; роўным чынам і пазьнейшыя яго творы ў большасьці выпадкаў таго самага жанру. Нават у такіх вялікіх творах, як „Мертвые души“ аўтар, у істоце, дае злучэньне паасобных апавяданьняў-разьдзелаў, якія, як гэта ўжо зазначана дасьледнікамі яго творчасьці[1], ня маюць між сабой строгай ды органічнай сувязі і могуць быць перастаўлены адзін з адным.

Далей, самыя тэмы, што становяць сабой зьмест твораў Я. Коласа, маюць дзіўную роўналежнасьць з тэматыкай натуральнай школы наогул і, прыватна, з гогалеўскай.

Так, галерэя п'яных герояў, абрысаваных нашым пісьменьнікам, мае сваю адпаведнасьць у тых вясёлых казакох, што напаўняюць сабою апавяданьні ў зборніках „Вечера на хуторе близ Диканьки" і „Миргород“. Само сабой зразумела, што ў Я. Коласа як самыя героі, так і абставіны зьмяніліся ў залежнасьці ад тых соцыяльных умоў, якія таксама зьмяніліся. Яны ўжо паінакшаму і ў інакшым выглядзе спраўляюць свае п'яныя гулі. Цяпер яны абіраюць сабе старшыню, абіраюць сваіх прадстаўнікоў у Дзяржаўную Думу, і з гэтага выпадку, як ужо зазначалася, наладжваюць гулянку. Продкі іхныя, прыгонныя сяляне, яшчэ ня ведалі такіх зачэпак для таго, каб весела правесьці час. Але тое-сёе захавалася ў нязьменным стане і цяпер ад тых далёкіх часоў.

Кірмаш у выяўленьні Я. Коласа, які такі багаты на п'яных герояў, застаўся амаль такім самым, якім у свой час быў, паводле апісаньня Гогаля, у Сарачынцах ці ў Канатопе, наогул шмат што ўжо зьмянілася, бо там, у Гогаля, быў час росквіту прыгоньніцкай гаспадаркі, а тут — у Коласа — ужо час рэволюцыйных год нашага веку; апрача таго, там — Украіна, тут — Беларусь. Але ў даным выпадку мы адзначаем толькі чыста знадворную адпаведнасьць між гэтымі групамі дзеючых асоб. Аднак,

  1. А. Весялоўскім (Этюды и характеристики. М. 1907, артыкул „Мертвые души“) ды В. Ф. Перавераевым (Творчество Гоголя. Выд. 2-ое, Іванава-Вазьнясенск. 1926 г.).