Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

твору: „Зло—не заўсёды зло“; жалуд трапляе ў тую ямку, што вырыла сьвіньня, якая зьнішчала другіх яго братоў, і вырастае ў дубок.

У другім за герояў выступаюць: адзінокае акінутае дрэва, вецер і ручай. Іхныя дзеі ды ўласьцівасьці, наданыя ім ад прыроды, здаюцца мастацкаму ўяўленьню пісьменьніка, як выраз пэўных ўнутраных душэўных адносін між імі; яму здаецца, што ўсе яны зьвязаны пачуцьцём каханьня ды зайздрасьці між імі, але пачуцьцём нятрывалым і зьменным у залежнасьці ад акалічнасьцяй. Вецер і ручай моцна пакахалі адзінокае дрэва.

„Вясной і ўлетку часта-часта прылятаў вецер да дрэва, абыймаў яго і сваімі пацалункамі асушаў роску з зялёнага лісьця яга.

Як я люблю цябе маё ты мілае і прыгожае, — гаварыў вецер: — ты слухай толькі мяне і больш нікога“... (235).

Гэтыя прызнаньні выклікалі зайздросныя пачуцьці ў ручайка.

„Ведаеш, рыбка, — журчаў ручаёк: — мне здаецца, што гэты вецер — фальшывы твой прыяцель. Языком ён намеле нямаведама што: ён табе і хмары разгоніць, і сонцу прыкажа, — слухай яго толькі! А ўвосень вунь якія шуткі выкідае! А зімою што робіць?“... (236).

Але становішча зьмяняецца, як толькі зьмяніліся абставіны. Пранеслася навальніца, і тут закаханыя ў дрэва вецер ды ручаёк выявілі свае сапраўдныя пачуцьці. Вецер стаўся „буянам і забіякай": „Чуць-чуць стрывала беднае дрэва — так рваў і крышыў яго вецер“ (238). Ручаёк таксама надзьмуўся, насупіўся і выкаціўся з берагоў, запенены ўвесь. Зьняважаны, на яго погляд, дрэвам, ён адышоўся далей“... (239). Тут толькі дрэва праканалася ў крывадушнасьці сваіх прыхільнікаў.

Агляд малюнкаў побыту і прыроды ў поўнай меры пацьвярджае выказанае намі палажэньне аб тым, што цэнтральнае месца ў апавяданьнях Якуба Коласа займаюць героі, а потым ужо зарысоўкі і наўкольных абставін. Калі першыя маюць самаважкае значэньне ў апавяданьнях аўтара, дык другія, наадварот, ў большасьці выпадкаў зьяўляюцца ў ролі дапаможных сродкаў, толькі рэдка атрымліваючы самастойнасьць. Пры гэтым малюнкі быту значна больш вузкія ды імгненныя за малюнкі прыроды; першыя даюць усяго толькі некаторыя рысы беларускай вёскі, тымчасам як другія абнімаюць сабой шырокія кругавіды беларускай прыроды.