Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

соўкі, якія зроблены аўтарам з аднаго пэўнага нярухомага месца; у гэтым выпадку яны нагадваюць сабой фотографічныя здымкі, якія перадаюць пэўныя малюнкі прыроды. Але ў некаторых выпадках пэйзажы ў Якуба Коласа набываюць пэўны рух, дынамічнасьць; яны набываюць ужо характар тэй кіноматографічнай стужкі, якая праходзіць перад гледачом. Гэта здараецца ў тых выпадках, калі малюнкі прыроды рухаюцца роўналежна з настроямі ці дзеямі герояў. Найбольш тыповы прыклад такога якраз дынамічнага пэйзажу дае апавяданьне „Думкі ў дарозе“. Тут пэйзаж хутка мільгае перад гледачом роўналежна шпаркаму бегу думкі аўтара.

„Грыміць па карэньнях цялежка, мігацяцца стракатыя вярстовыя слупы, мігаюцца пахіліўшыся абросшыя мхом хваёвыя крыжы наабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяшаюцца палі, грамадзяцца горы, расьцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золотам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі, зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты“... (3).

Паданыя прыклады маюць у сабе малюнкі пэйзажнага маляваньня, якія цесна зьвязаны з асноўным зьместам апавяданьня, выконваючы ў ім пэўныя мастацкія задачы. Але ў Якуба Коласа, як зазначалася ўжо і раней, маецца шэраг апавяданьняў, у. якіх прырода сама зьяўляецца галоўнай дзеючай асобай, запаўняючы сабой увесь іх зьмест. Пры гэтым адухоўленасьць яе дасягае поўнага аб'ёму. Прырода выступае ў выглядзе жывой дзеючай сілы, надзеленай усімі ўласьцівасьцямі адухоўленай істоты. Ужо зазначалася вышэй, як у ролі наглядальнікаў соцыяльнай няпраўды на зямлі выступаюць зоркі („Зоркі-анёлы“), выяўляючы і адпаведныя эмоцыянальныя рэакцыі („І заплакалі зоркі“... і г. д.). У такой-жа ролі жывых дзеючых сіл выступае „Жывая вада", „Мёртвае Поле“, „Гара“ ў апавяданьні „Жывая вада“, пра што таксама была ўжо гутарка.

Але ня толькі галоўныя зьявы прыроды гэтага апавяданьня зьяўляюцца ў жывым выглядзе, і дробныя рэчы пэйзажу выступаюць у такой самай адухоўленай форме; у ім сьмяюцца кветкі і глядзяцца ў рэчку, як у люстэрка.

„Шырока раскінуліся іх палі, зялёныя травы сенажацяй калыхаліся па ветру, ціка і весела сьмяяліся кветкі, пазіраючы сваімі пахучымі галоўкамі ў раку, каторая паіла ўвесь той угалок і тых, хто жыў і рос там, і давала яму жыцьцё. Усе жылі каля ракі, гэту раку людзі называлі „Жывою вадою“... (55).

Далей прырода ў такім-жа самастойным выглядзе выступае ў апавяданьні „Зло — не заўсёды зло“ і „Казкі жыцьця“, сымболічна ілюструючы тую ці іншую зьяву чалавечага жыцьця з галіны моральных адносін.

У першым яна зьяўляецца ў выглядзе жалуда на старым дубе, які сваім лёсам апраўдвае жыцьцёвую мораль, укладзеную ў самую назву