Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Мікалаеў конік, ня чуючы над сабою цьвёрдай гаспадарскай рукі пачынаў патрошкі лайдачыць: ён ішоў то адным краем дарогі, то другім, то сярэдзінай, балазе дарога была шырокая; а часамі проста адпачываў і толькі азіраўся, ці зважае гэта гаспадар, ці не бярэцца ён за пугу; або падыходзіў да чужога воза, цягаў сена, смакаваў канюшыну, вялікі быў ласун нашчот торбы з аўсом. Шукаючы аўса, ён скінуў торбу з сольлю з чужога воза. „Купіў-ня-купіў, а патаргаваць можна",—разважаў Мікалаеў конь. Праўда, ён дастаў сабе па мордзе, ды ці варта на гэта зьвяртаць увагу?“ (145). .

Паданыя выпадкі вычэрпваюць усе прыклады скарыстаньня пісьменьнікам малюнкаў прыроды ў апавяданьнях гуморыстычнага характару. Усё-ж другія рысункі пэйзажаў, значна большага ліку і больш вялікія за паданыя, знаходзяцца ў апавяданьнях сур'ёзных. Усе гэтыя апавяданьні ў тэй ці іншай меры насычаны пэйзажнымі зарысоўкамі рознай якасьці. Толькі адно апавяданьне — „Бунт“ — зусім ня мае малюнкаў прыроды. Гэта тлумачыцца тым, што самы характар тэмы гэтага апавяданьня — захоп сялянамі памешчыцкай зямлі, кваліфікаваны ўладай, як бунт — выключае магчымасьць скарыстаньня малюнкаў прыроды; іменна, тэма гэта (бунт) прадпалагае значную дынамічнасьць і хуткасьць у руху апавяданьня; малюнкі прыроды, якога-б характару яны ні былі — контрастуючага ці роўналежнага — зьяўляліся толькі затрымліваючым фактарам у разьвіцьці апавяданьня. Апрача таго, сур'ёзнасьць і небясьпека самой дзеі, натуральна, усе думкі герояў групавалі якраз на ім і выключалі магчымасьць ухіленьня ў бок, напр., любаваньня прыродай ці яднаньня з ёй; таму ўжываньне апісаньняў прыроды магло-б гучаць пэўнай дысгармоніяй.

Агульная ўласьцівасьць, якая характарызуе гэтыя малюнкі ды кідаецца ў вочы перш за ўсё, ёсьць у адухоўленасьці іх. Усе пэйзажы Якуба Коласа выступаюць у жывым выглядзе; яны так сьцісла зьвязаны з чалавекам — героем апавяданьня, што носяць у сабе яго-ж рысы ды ўласьцівасьці. Гэтая адухоўленасьць у кожным асобным выпадку мае свой асаблівы характар, які вызначаецца пераважна індывідуальнымі адзнакамі таго ці іншага твору. Што да самой прыроды і ўласьцівасьцяй пэйзажнага маляваньня, дык яны знаходзяцца ў залежнасьці ад агульных мастацкіх імкнёнасьцяй усяго апавяданьня мастака. Звычайнай зьявай у гэтым сэнсе ёсьць тое, што пісьменьнік свой пэйзаж у стасунку да яго зьместу заўсёды ставіць у цесную гармонічную сувязь з агульнай тэматыкай таго ці іншага мастацкага апавяданьня; пэйзажаў, контрастуючых з асноўным зьместам апавяданьня, у Якуба Коласа няма.

Як відаць з папярэдняга, усе апавяданьні з сур'ёзным зьместам маюць у сабе апісаньне цяжкіх, час-часом сўмных зьяў наўкольнага жыцьня. Гэты адбітак тугі ды нуды ляжыць таксама і на малюнках прыроды, з прычыны чаго эмоцыянальная афарбоўка ўсяго апавяданьня ўсюль аднолькавая. У большасьці малюнкаў прыроды нудота іх набывае міс-