Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Часамі, аднак, аўтар ужывае некаторыя дэталі, але не дзеля об'ектыўнага апісаньня тае ці іншае бытавое зьявы, а з мэтамі іншага характару, агульнымі з тымі, што ляжаць ва ўсім апавяданьні. У апавяданьні „Кірмаш” мы маем досыць падрабязнае апісаньне кірмаша, на які прыехаў Пятрусь, даваўшы зарок ня піць больш гарэлкі. Але малюнак яго мае тыя-ж самыя мэты гуморыстычнага выяўленьня ўзятай аўтарам тэмы, якія праходзяць праз усё апавяданьне. Гэтае апісаньне толькі падмацняе агульны гумор яго і знаходзіцца ў поўнай адпаведнасьці з характарам дзеючых асоб. У ім ён падтрымлівае тую-ж самую бязглуздасьць, якую так маляўніча выяўляюць героі апавяданьня.

„Мужыкі хадзілі ў лапцях і мясілі балота. Каля вазоў снавалі жыды ў жыдоўкі, хто прадаваў масла, хто сала. Тут-жа стаялі цабры, ражкі і вёдры. Усякага было народу. Былі і такія, каторыя нічога ня куплялі не прадавалі, а прышлі так сабе, „на раздабыткі“... (50).

Перадаючы далей больш конкрэтна той самы малюнак кірмаша, аўтар зноў адзначае дзіўную мешаніну зусім несумяшчальных паміж сабою рэчаў. Гэта акалічнасьць зноў падтрымлівае агульную бязглуздасьць данага малюнку і стварае гуморыстычнае ўражаньне. Аўтар злучае ў адно і прадаўца абразоў, і хадзячую лётарэю, і манапольку.

„Куча народу. У сярэдзіне важна сядзіць рускі, разлажыўшы сваіх багоў. У другой грамадзе народ акружыў жыда з круцёлкаю і пазіраў, як пробаваў хто шчасьця, клаў дзесяткі і грыўні і круціў. Каму пападаўся кубак, каму мыла, каму іншая рэч, а каму, як кажуць добрыя людзі, гула асмаленая. Трэцяя, яшчэ большая грамада народу, стаяла каля дому з вывескаю: „Казённая вінная лаўка № 67“... (50).

Такі-ж самы падрабязны аўтар у апісаньні тых бытавых малюнкаў, што маюцца ў апавяданьнях другога шэрагу. Але гэтыя драбніцы ён ужывае ўжо ня з мэтай гуморыстычнай абрысоўкі, як гэта было ў папярэднім выпадку, але для бесстароньняга выяўленьня тых ці іншых зьяў быту. Сур'ёзнасьць, пашыранасьць ды павольнасьць у гэтых апісаньнях у поўнай меры адпавядае агульнаму характару таго ці іншага апавяданьня.

Вось перад намі хата знаёмага ўжо нам лясьніка Чурылы („Васіль Чурыла“). Апісваючы яе, ён ужывае шэраг яркіх ды шырокіх штрыхоў, якія даюць поўнае і закончанае разуменьне аб ёй.

„З краю лесу стаяла хата лясьніка Васіля Чурылы. Маленькае наконца хаткі смутным значком пазірала ў поле. Здалёк яно здавалася воўчым вокам. Над самым ваконцам вісла голая вярбіна і глуха шумела, усё роўна як стагнала. Маленькая лямпачка смутна сьвяціла ў хатцы. Агонь баязьліва дрыжэў і чуць заметна скакаў, і пераліваўся змрок па сьцяне. Каля стала сядзела жонка"... (3). Зусім такое-ж падрабязнае апісаньне і хаты лясьніка Тараса („Калядны вечар“, 43).

Гэтым і абмяжоўваюцца малюнкі быту беларускай вёскі. Значна больш малюнкаў прыроды, і гэтыя апісаньні больш рознастайныя