Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

няк няма зусім. Аўтар ня любіць абмяжоўваць свайго героя ды рух яго рамкамі якой-небудзь штучнай пабудовы, напрыклад, сялянскай хаты ці дому. Яго сапраўдная стыхія ў гэтым выпадку — прырода; тут ён адчувае сябе поўным гаспадаром. У залежнасьці ад гэтага мы дарэмна пачалі-б шукаць у яго апавяданьнях шырокіх малюнкаў, выяўляючых нам быт вёскі ці гораду. Перад чытачом праходзяць толькі пабежныя штрыхі, якія самі па сабе ня маюць вялікага мастацкага значэньня і толькі абазначаюць месца дзеі таго ці іншага апавяданьня.

Апрача таго, кажучы а пашыранасьці ды кароткасьці яго абставінных апісаньняў, канечна трэба адзначыць яшчэ адну характарную рысу. У апавяданьнях другой групы, г. зн. сур'ёзных, ён больш дэталёвы ў апісаньнях малюнкаў прыроды і малюнкаў быту, як у апавяданьнях першага шэрагу. Гэта зусім зразумела, калі прыняць пад увагу, што для гуморыстычных зарысовак падрабязныя малюнкі іхнага фону зусім не дарэчы. Яны, бясспрэчна, скрадалі-б сілу гумору ды распушчалі-б яго напружнасьць; тымчасам, як зазначалася ў свой час, галоўнай мэтай у апавяданьнях першай катэгорыі быў, якраз, гумор, і гумор у самай рэзкай ды яркай форме. Апрача таго, шырокія малюнкі прыроды зусім не гармонавалі-б з характарам тых герояў, што там выступаюць. Для асоб, якія марнуюць час у п'янай весялосьці ці няўмела спраўляючы тую-сюю работу, для асоб бязглуздых і грубых, прырода зьяўляецца незразумелаю і нават непатрэбнаю прыналежнасьцю іхнага жыцьця; пачуцьцë прыроды для іх зусім чужое; наадварот, у апавяданьнях другой групы гэтыя рознастайныя краявіды маюць для сябе поўнае апраўданьне; яны знаходзяцца ў адпаведнасьці як з унутранымі ўласьцівасьцямі героя, так і з агульным спосабам мастака ў гэтых апавяданьнях.

Зарысоўкі бытавога характару, як ужо зазначалася, кароткія ды пабежныя, асабліва ў апавяданьнях гуморыстычных. У іх звычайна аўтар проста адным-двума словамі называе месца дзеі апавяданьня. Гэтая пабежнасьць ды хуткасьць у адзначэньнях суладны з агульнаю хуткасьцю і дынамічнасьцю ўсяго апавяданьня. Сюды належаць, напрыклад, такія адзначэньні-этыкеткі: „хата старасты Рамана Караля была паўнютка людзей" („Кантракт"), „Пісар Сямён Гаўрылоўскі даўно ўжо чакаў гасьцей, пахаджваючы па пакою, курачы папяросу і пакручваючы вусы" („Імяніны"), «Важна ходзіць па мястэчку вураднік" („Соцкі падвёў"), «Загразла ў балоце панская брычка" («У балоце"), „Ужо два тыдні, як над сялом павіс нейкі страх", „У хаце з Мікалаем быў адзін толькі Міхаська"... („Трывога"[1]) і г. д. Пры тым часамі гэта адзначэньне мае малаакрэсьлены характар. Так, у апавяданьні „Калодка пчол" гаворыцца проста: «Тры мужыкі сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолах"; заўваг на тое, дзе знаходзіцца гэты стол, зусім няма.

  1. Таксама ў апавяданьнях: „Андрэй выбаршчык", „Кажух старога Анісіма", „Старыя подрызьнікі", „Сацыяліст", „Выстагнаўся", "Злавіў", „Стараста", „Выбар старшыні", „Так і трэба ашуканцу", "З днеўніка пана Жылка".