Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апрача тэмы агульна-літаратурнага характару, у даным апавяданьні бясспрэчна сымболічна выяўляецца і думка чыста нацыянальнага характару — цяжкое становішча беларускага поэты сярод другіх братоў — вялікаруса ды украінца; гэта тое, якраз, становішча, у якім знаходзіцца беларускі мастак дый уся наогул беларуская літаратура ў дарэволюцыйны час, калі, з прычыны пэўнай політычнай сытуацыі, яна ня мела належных магчымасьцяй і спагадных умоў для свайго існаваньня ды разьвіцьця.

Даўшы шэраг малюнкаў ды ідэолёгічных зарысовак сур'ёзнага, станоўчага характару, аўтар, на нашу думку, проціставіць іх гуморыстычным малюнкам у апавяданьнях першай групы. На гэту думку наводзіць адна байка Я. Коласа: „Зло—не заўсёды зло“. Пісьменьнік мо' хоча сказаць, што калі цянёвыя бакі жыцьця, выяўленыя ім у апавяданьнях першага шэрагу, зьяўляюцца злом, дык гэта зло не заўсёды будзе злом, бо, побач з ім, ёсьць і станоўкія вартасьці жыцьця, сталыя бакі яго, якія і становяць прадмет яго апавяданьняў другога шэрагу.

III

Дзьве адзначаныя стыхіі — гуморыстычная і сур'ёзная, — якія так рэзка падзяляюць усіх пэрсонажаў у апавяданьнях Якуба Коласа на два процілежныя лягеры, належным чынам адбіваюцца і ў выяўленьнях тых абставін, сярод якіх дзеюць разгледжаныя намі героі. У гэтай галіне такая-ж самая рэзкая розьніца, як і ў групоўцы дзеючых асоб. Роўным чынам і спосаб выяўленьня гэтых абставін, як і спосабы абрысоўкі герояў, мае розны характар, у залежнасьці ад таго, якой групы апавяданьне — першай ці другой. Тое, што маюцца аднолькавыя адрозьненьні і ў сфэры выяўленьня герояў і фону дзеяньня іх, сьведчыць аб тым, што між гэтымі двума асноўнымі компонэнтамі апавяданьня ёсьць сьціслая сувязь. Яна зусім зразумела, калі прыняць пад ўвагу тую блізкасьць герояў да наўкольных рэчаў, пра якую ўжо была гутарка раней; у некаторых выпадках, як ужо зазначалася, пэрсонажы зрасьліся з блізкімі ім рэчамі; з прычыны гэтага, усе асаблівасьці іх аблічча знаходзяць свой адбітак і на знадворным фоне іх дзеяньня.

Разглядаючы абставіны, сярод якіх разьвіваюцца падзеі, ў агульным аб'ёме канечна трэба адзначыць першую, што кідаецца ў вочы, іх асаблівасьць. У якасьці фону, на якім разьвіваецца дзеяньне, у большасьці апавяданьняў зьяўляецца вясковая прырода. Толькі ў некаторых выпадках на сцэну выступаюць абставіны бытавога характару, з нетраў тэй-жа самай беларускай вёскі, Пры гэтым спосабы рысаваньня мастаком тых ці іншых малюнкаў рэзка адрозьніваюцца. Пры абрысоўцы прыроды ён больш падрабязны, як пры апісаньні бытавой асярэдзіны; тут ён заўсёды абмяжоўваецца толькі пабежнымі адзначэньнямі, ня маючы характару мастацкіх апісаньняў; іх у Якуба Коласа ў разгляданых апавядань-