Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

панскія палацы, зелянеюць сады, ломяць гальлë яблыкі і грушы; шырока і сьмела раскідаюцца дваровыя палеткі, каласуюцца багатыя панскія нівы, пасунца сытыя коні, валы-рагалі, тысячы авец рассыпаюцца па полі"... (6).

Гэтыя два процілежныя сьветы, з якіх адзін будаваў свой дабрабыт на няшчасьці другога, у казцы „Жывая вада", калі дазволена будзе бачыць у ім іншасказны сэнс, выступаюць у сымболічным выглядзе, даючы ў той-жа самы час абагульняючы малюнак поглядаў аўтара на сьвет―пэўнага роду соцыяльную філёзофію. Сьвет гуляшчых і багатых людзей у мастацкім уяўленьні поэты выступае ў выглядзе гары, вырасшай на месцы рэчкі, якая давала ўсім людзям свабоднае і поўнае шчасьце; недарма-ж яны і назвалі яе „жывою вадою". З гэтага часу скончыліся радасьці жыцьця: „людзі зьбяднелі; птушкі разьляцеліся, ня чутно ўжо было там вясёлых песень". Уся краіна абярнулася ў „Мёртвае поле".

Але абяздолены народ распачаў барацьбу са сваім ворагам. Ці мала азывалася адважных людзей, якія ішлі на гару ды шукалі жывую ваду; яны бралі рыдлёўкі і абкопвалі гару; „але з гары сыпаліся ў іх каменьні, разьбівалі ім голавы. Каршуны і ястрабы зьляталіся хмарамі, выдзёўбывалі ім вочы. А пугач і сава ўначы сьпявалі ім „вечны пакой" сваім нудным крыкам" (56). Аднак, перамаглі гаротныя. Прырода, як гэта было і раней („Зоркі-анëлы"), стала на іх бок:

„Пралітыя сьлёзы перапоўнілі неба і паліліся назад на зямлю. Ня ў сілах было самае неба стрымаць тыя сьлёзы. Самі яны рваліся туды, дзе радзіліся, патроху падымаліся ўверх. Людзкая жалоба, гора, пакута, усё няшчасьце зямлі, што накапляліся тысячамі гадоў, паліліся цяпер са сьлязьмі аднаю хваляю" (58). Гэта хваля змыла гару, і „Жывая вада“ зноў зьявілася, ажывілася „Мёртвае поле".

Крыху збоку стаіць яго апавяданьне пад назвай "Дудар", дзе аўтар выказвае сваё credo а поэце ды аб яго мастацкай рабоце. Яго думкі аб гэтым у поўнай меры адпавядаюць таму, што звычайна разьвівае у даным выпадку романтычная поэтыка. Той вобраз, што малюе поэта, проціставіцца таму п'янаму вершавальніку—памочніку пісара (у апавяданьні „Імяніны"), які профануе поэзію, ставячы яе на ступень вясёлага жарту ды забавы. Перш за ўсё поэзія, на думку аўтара, не дае матэрыяльнага дабрабыту. Дрэнна жывецца „Дудару", меншаму сярод трох братоў, які аддае сябе поэзіі ды сьпявае песьні, доўгія і сумныя, песьні нядолі. Далей, гэта поэзія незразумела для акаляючых людзей; незразумелы ім і мастак, які выклікае ў іх толькі кпіны. Толькі ў прыродзе ён знаходзіць жывы водгук сваім песьням; толькі яна слухае іх: „Ні думак, ні песень яго ніхто ня знаў і ня чуў, ці не хацеў знаць і чуць. Яго жальба прападала, як прападаў туман з усходам сонца, што вісеў над балотам. Разьбіраў яго адзін толькі лес, і лесу адкрываў Меншы Брат свае думкі, бо людзі сьмяяліся з яго слоў і песень"... (8).