Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сам аўтар, і сам ён зьяўляецца выяўніком ідэолёгічных настрояў, што ляжаць у тым ці іншым творы. Гэта ідэолёгія ахапляе сабою шырокія кругавіды. Аўтар акідае сваім вокам жыцьцё ўсяго сьвету. Аднак у ім больш і часьцей за ўсё яго мастацкую імкнёнасьць прыцягвае родная яму Беларусь. Яна зьяўляецца сымболем і асяродкам яго поэтычнае думкі.

Асабліва ўпарта аўтар спыняецца на ідэях соцыяльнага парадку, сьвет здаецца яму, як гэта падкрэсьліваецца і ў папярэдніх творах, падзеленым на дзьве часткі сьвет людзей багатых і бедных. Гэтай думкай афарбована ўся лірыка поэты. Яму здаецца, што сама прырода так выразна ды чула адчувае гэту соцыяльную двоістасьць чалавечага жыцьця. У мініятурным прозаічным вершы „Зоркі-анёлы" гэта думка набывае поэтычнае выяўленьне. З аднаго боку, малюнак багацьця, пышнаты і раскошы.

„На скрыдлах лёгкіх быстра панясьліся яны (анёлы) над нашаю сьлёзнаю зямліцаю, над палацамі генэралаў, вялікіх чыноўнікаў, багачоў, над вясковымі хатамі. І ўбачылі яны, як сярод вочы, сярод беднаты людзкой засьвяціліся агнямі, загрымелі музыкаю палацы і самі багачы ў дарагім адзеньні з крыжамі, з мэдалямі на грудзях пасядалі ў салях за шырокімі і доўгімі сталамі―пасядалі есьці дарагія стравы, смагла заліваючыся загранічнымі вінамі" (47).

З другога боку, малюнак процілежны: малюнак галечы, гора ды сьлёз.

„А там, у полі, у полі шырокім, ляжалі пад сьнегам бедныя вясковыя хаты... Дзе-ні-дзе толькі сьвяціліся вузкія маленькія ваконцы. Людзі, замучаныя і прыбітыя цяжкай доляй старога году, спалі-спалі, хто мог, каму не дакучалі раны або голад. Ня было тутака вясельля―няма і цяпер радасьці. Бяда, гора, голад ды холад злучыліся, каб прагнаць з гэтым усякую весялейшую думку, ясьнейшы сон"... (48).

Але мастак думае, што спагада прыроды на баку бедных і абяздоленых:

„І заплакалі зоркі-анёлы над гэтакай доляй, над гэтакім палажэньнем мужыка, бо ўспомнілі яны палацы... заплакалі сьлязьмі скаргі, сьлязьмі жалю"... (48).

Гэта самая думка паўтараецца і ў яго „Думках у дарозе".

Толькі тут яна ужо выразна зьвязваецца з роднымі для поэты малюнкамі Беларусі; ад выяўленьня агульнага адцягненага характару, якія даюцца ў папярэднім творы, аўтар пераходзіць тут да больш конкрэтных, гаворачы а беларускіх сёлах ды вёсках, а беларускіх панскіх пaлацах:

„Бедныя вёскі і сёлы без усялякага парадку параскідаліся то там, то сям?.. Пакрывіліся хаты, абвісьлі стрэхі на гумнах, сінія купіны моху таўстою карою ляглі па гнілых саломеных стрэхах... Як нявесела, як няпрытульна пазіраеш ты, мужыцкая вёска, сірата між людзкой будовы!" (5-6). „А поруч з убогімі людзкімі будынкамі ўпёрліся ў неба