Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Андрэй, сьсячэ адзін дубок“ (60). Неяк ён варочаўся з гораду, і ногі самі пашлі па тэй сьцежцы, на якой стаяў гэты „шальмоўскі дубок". Лес стаяў бяз лісьця, і малады дубок выглядаў цяпер яшчэ раўнейшым, яшчэ прыгажэйшым, Андрэй наважвае яго сьсячы. Выбраўшы зручную часіну, ён падкрадаецца, як злачынца, да таго месца, дзе расьце малады дубок. Перш чым пачаць сячы, ён адчувае складаныя пачуцьці. Яго агартае вялікі страх: чым бліжэй падходзіў ён да лесу, тым большы чуў ён страх“ (61). Ён адначасна перажывае прыгнятаючае пачуцьцё самоты.

„Ціха, глуха, хоць-бы дзе зык чалавечага голасу. І нейкая жуда ахапіла Андрэя. Пачуваньне маркоты і адзіноты агарнула яго" (61—62), Да яго прышло разам з гэтым і пачуцьцё каяньня, якое гнала яго назад—дадому; яму здалося, што ён, як злодзей, крадзецца адзін скрозь гэты змрок, прыхільнага хаўрусьніка кожнага злодзея. Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэту справу... І яму хацелася, каб хто перашкодзіў яму цяпер, каб мець законнае права вярнуцца дамоў" (62). Але ўсё-ткі ногі самі несьлі яго ў лес. Поўны страху ад жудаснай цішы лесу, Андрэй адважваецца, нарэшце, сьсячы дрэва. Злачынства зроблена. Пачынаюцца новыя пачуцьці. Страх перад адказнасьцю за зроблены ўчынак не пакідае яго. Ён ня можа знайсьці спакою: „спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухваўся, што робіцца на дварэ“ (65). Кожны шолах выклікаў у яго трывогу. Яму здаецца, што сьсечанае дрэва дрэнна схавана. Уначы ён выходзіць на панадворак, каб перахаваць яго ў новае месца, але страх перад цішынёй ды цемрай ночы гоніць яго назад у хату. Нарэшце яму ўдаецца заснуць, але ён бачыць цяжкі сон: прышоў лясьнік Максім Заруба і пачаў упікаць яго ў тым, што ён адабраў ад яго кавалак хлеба. З цяжкім стогнам Андрэй прачнуўся. Цяпер упарта пачала стаяць у вачох яго постаць яго сябра Максіма, у дзялянцы якога ён сьсек дубок. Андрэй адчуў, што „нейкая сьцяна" вырасла між імі. У яго зьявілася пачуцьцё жалю, але чаго — якраз ён і сам ня ведаў. Так праходзіла першая цяжкая і непакойная ноч пасьля злачынства.

Але яшчэ досьвіткам ён ужо схаваў сьсечаны дубок у другое больш надзейнае месца. Пасьля гэтага ў яго пачаўся адплыў прыгнятаўшых яго пачуцьцяў... Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго зьявілася ўсьмешка здаволеньня... Ходзячы па дварэ, ён нават мармытаў сабе пад нос нейкую песьню: „Шапка мая магерачка“ (73-74).

Тымчасам пайшлі чуткі аб тым, што лясьніка Максіма Зарубу звольнілі з пасады за сьсечаны дубок. Гэта вестка выклікала новыя складаныя перажываньні ў душы Андрэя. Першая вестка аб яго сябру Максіму прымусіла яго зьбялець: „У сярэдзіне ў яго нешта заныла, як-бы адарвалася, і ён пачуў, як сэрца яго затахтала дробна-дробна" (74). Яму было зусім ясна, што ён зьяўляецца прычынай Максімавага няшчасьця, хаця адначасна з гэтым ён разважаў сябе тым, што гэта ўсё няпраўда і што ўсё будзе добра. Але чуткі абярнулі ў пэўныя вёсткі, якія сьцьвярджалі,