Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свайму апавяданьню, згодна з агульным задумам яго, такую, якраз, трагічную афарбоўку.

Але ёсьць яшчэ адзін момант у апавяданьні, які таксама ўпісаны сюды ня сам па сабе, але для пэўных мастацкіх мэт, г. зн. для ўзмацненьня тых-жа самых трагічных рыс апавяданьня і запаўненьня імі ўсяго яго ад пачатку да канца. Пачынае сваё апавяданьне аўтар э таго, што дае малюнак чаканьня Васіля і непакой у яго сям'і. Гэта надае трывожны настрой апавяданьню з самага пачатку, выклікаючы ў чытача сур'ёзныя адносіны да яго. Vorgeschіchte яшчэ больш згушчае становішча і ўпарта падтрымлівае пачуцьцё непакою за героя. Гібель Васіля становіць апошнюю ступень ва ўсім трагізьме апавяданьня.

Лёгкадумнасьці сваіх герояў, як п'яных, так і цьвярозых, іхным павярхоўным адносінам да жыцьця, пра што ён гаворыць так падрабязна й апавяданьнях першага шэрагу, тут, у другой групе, ён проціставіць свайго героя Андрэя з апавяданьня „Малады дубок" з яго шырокай ды складанай псыхолёгіяй. Самай бліжэйшай мэтай аўтара тут і зьяўляецца мастацкае выкрыцьцё гэтай якраз псыхолёгіі, бо на яе пэрыпэтыях ён больш за ўсё і спыняецца. Уся фабула гэтага твору надта простая. Андрэй Плех ціхонька сьсек у лесе і завёз дадому малады дубок. Пра гэта даведаліся, і лясьнік Максім, сябра Андрэя, быў звольнены з пасады. Але ўся цікавасьць твору групуецца на ўнутранай барацьбе Андрэя, якую ён вядзе сам з сабой. Нават і лясьнік Максім, як герой, выступае ўсяго толькі, каб больш выразіста ды ярка выставіць постаць Андрэя; увядзеньне гэтага героя, па сутнасьці, можна разглядаць толькі, як мастацкі спосаб, які мае на мэце апісаньне галоўнай дзеючай асобы; сама па сабе гэта асоба, як мастацкі ды ідэолёгічны вобраз, значнай цікавасьці ня мае.

Андрэй пачаў думаць пра свой учынак яшчэ задаўга да таго, як ён зрабіў яго. Ён заўважыў гэты дубок яшчэ даўно — улетку, калі хадзіў па грыбы.

„Як чалавек, каторага агарнулі грэшныя жаданьні, Андрэй наўперад азірнуўся і пачаў аглядаць важнецкае дрэва" (59).

Ëн зараз-жа ўбачыў прыдатнасьць яго для восі ці-ж для паліц на саху. Але страх перад адказнасьцю спыніў яго. Ён пайшоў назад, але зазначыў гэта дрэва. Думкі а дубку не пакідалі яго. Як на грэх, у яго разышліся сьпіцы ў колах, і малады дубок зноў асабліва жыва стаў перад вачыма Андрэя. Праўда, тут прышлі яму на думку яго кіраўнічыя прынцыпы жыцьця, але яны неяк самі сабой былі абыйдзены. Ён кіраваўся ў жыцьці прыказкаю: „не бяры чужога і ня бойся нікога", але з гэтым дубком так яго „прыперла", што думкі Андрэя пашлі ў абход гэтаму разумнаму правілу. Курачы люльку, ён разважаў вечарамі:

„Праўда, што ў лесе красьці ня грэх. Гэта ня тое, што залезьці да чалавека ў хату. і хто ў лесе ня злодзей, той удому не гаспадар. Лес — божы, бог яго росьціць і бог гадуе. А князя чорт ня возьме, калі ён,