па колькасьці займаюць тыя, што маюць гумарыстычную форму. Апавяданьні гэтай групы надзвычай добра малююць рознастайныя дробныя выпадкі з быту беларускай вёскі, даючы, аднак, у агульнай скупнасьці, досыць шырокі малюнак мастацка-бытавога характару. Найчасьцей прадметам яго літаратурных выяўленьняў зьяўляюцца адмоўныя рысы бытавых умоў вясковага жыцьця. У гэтым выпадку перад пісьменьнікам стаяла наступная творчая дылема: або даць глыбокі мастацкі аналіз хібаў вёскі, выкрыць іх крыніцы ды прычыны, паказаць іх ва ўсёй шырыні і рознастайнасьці, проціпаставіць ім другія сьветлыя бакі жыцьця як для наданьня большай яркасьці яго ценям, так і для мэт дыдактычных: другімі словамі — быць пісьменьнікам-моралістым; ці-ж наадварот: выкпіць іх і тым паказаць іх нестаноўкасьць, іначай кажучы, у самім гумары тонка і памастацку схаваць мэты наўчальнага характару. Я. Колас пайшоў па другім шляху, па шляху пісьменьніка-гумарыстага, даўшы цэлы шэраг апавяданьняў гумарыстычнага характару.
У апавяданьнях разгляданай групы пісьменьнік спыняецца на абрысоўцы родных комічных колізій з рэволюцыйных дзён 1905 г.; сюды належаць апавяданьні: „Соцкі падвёў“, „Андрэй Выбаршчык“, „Соцыяліст“. Часамі-ж тэмы гэтага шэрагу зусім пазбаўлены жаднага комізму і адбіваюць сур‘ёзныя моманты раволюцыйнай барацьбы таго-ж самога часу: гэта апавяданьні: „Калядны вечар“ і „Бунт“. Рэшта апавяданьняў гэтага самага шэрагу ў гумарыстычных фарбах малююць розныя штодзенныя зьявы з вясковага, а часам і гарадзкога жыцьця; у большасьці выпадкаў яны паказваюць ценевыя бакі гэтага жыцьця, рознага, аднак, характару, у іх перад чытачом праходзяць шэрагі малюнкаў са зьместам то гумарыстычна лёгкім, а часамі нават жартаўлівым, то са значнай доляй сьмеху сур‘ёзнага, таго, што называецца сьмехам скрозь нябачныя сьвету сьлёзы.
Другое у колькасным стасунку месца займаюць апавяданьні сур‘ёзныя, якія расказваюць бяз жаднага гумару, у тонах эпічных ці лірычных, аб тых самых зьявах быту беларускай вёскі ці-ж аб асабістых аўтарскіх думках і поглядах. У такім-жа самым родзе вытрыманы і ўсе амаль апавяданьні, прысьвечаныя мастацкаму выяўленьню дзіцячай душы таго самага беларускага селяніна-падлетка.
Гэтыя дзьве групы апавяданьняў — гумарыстычных і сур‘ёзных — склaдаюць дзьве розныя стыхіі ў творчасьці Я. Коласа, з якіх кожная ў межах сваёй групы мае пэўныя ўласьцівасьці і адрозьненьні як у галіне тэматыкі, так і ў галіне стылю; у композыцыйнай-жа пабудове гэта наяўнасьць двух імкненьняў адчуваецца ў значна меншай ступені.
Адпавяданьні першай групы ў сваім мастацкім зьмесьце на першае месца ставяць свайго героя — дзеючую асобу. Фон, абставіны, сярод якіх ён дзейнічае, адсоўваецца далёка на задні плян, выступаючы часта ў