Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Выўчэньне першага шэрагу перад усім мае на ўвазе ўсебаковы агляд мастацкага матэрыялу з боку тэматычнага і формальнага; у прыватнасьці, задачай выўчэньня зьяўляецца агляд зьместу ды сюжэтнага аформленьня твораў, а таксама і іхнага стылю.

З боку тэматычнага творы Я. Коласа, разгляданыя намі, зьяўляюцца матэрыялам у значнай меры аднародным. Яны абымаюць сабою пэўную соцыяльную групу-беларускае сялянства. Галоўная ўвага пісьменьніка спыняецца на беларускім селяніне, а таксама і на тых асобах, што маюць з ім блізкае дачыненьне; да гэтай другой групы належыць сельская ўлада-старшыня і вураднік, пісар, стараста і г. д. Сюды-ж належаць і прадстаўнікі вясковай інтэлігенцыі, галоўным чынам, настаўнікі і ў рэдкіх выпадках духавенства. Нават самыя адважныя мары а будучыні, ідэальныя імкненьні ды жыцьцёвыя парываньні дзеючых асоб з сялянскае асярэдзіны ня выходзяць за межы гэтага соцыяльнага кола. Калі такі герой і думае а шчаснай будучыні ў сваім жыцьці, а ўдачах у ім, то далей кар‘еры вясковага настаўніка ён ня ідзе; яна здаецца яму ідэалам самых высокіх дасягненьняў. Так, прынамсі, у апавяданьні „Злучыліся“ Цётка, якая супакойвае свайго Юрку, кажа яму: „Вырасьцеш, бог дасьць, будзеш няіменна вучоным, самае меншае — настаўнікам будзеш“ (227).

Выхад за межы гэтага акрэсьленага зьместу надта рэдкі. Калі пісьменьнік і зьвяртаецца часамі да маляваньня прадстаўнікоў другіх соцыяльных груп, галоўным чынам, панскай шляхты, то робіць гэта дзеля пэўных мастацкіх мэтаў: самаважкага значэньня гэтыя зарысоўкі часта ня маюць і выконваюць толькі заданьні уздапаможнага парадку, а менавіта-больш акрэсьлена выдзяляюць стан галоўнага героя яго твораў — беларускага селяніна.

У межах свае тэматыкі пісьменьнік дае рознабокае выяўленьне сялянскага жыцьця. У ім, найперш, вызначаюцца дзьве групы герояў: з аднаго боку — бацькі, людзі дарослыя, а за другога — дзеці. Але гэта групоўка не абазначае падзелу іх у залежнасьці ад розьніцы сьветапогляду тэй і другой групы ды антагонізму між імі, як гэта зазвычай трапляецца ў нашай літаратурнай крытыцы. Наадварот, між імі ёсьць цесная ідэёвая сувязь, бо дзеці — гэта тыя самыя бацькі, але толькі ў сваім раньнім дзіцячым веку. Тут, такім чынам, проста ляжаць прыметы ўзроснае якасьці, незалежна ад другіх якасьцяй гэтых герояў. Тая і другая група зьяўляецца прадметам шэрагу самастойных мастацкіх твораў пісьменьніка. Прычым „бацьком“ вызначана значна большая колькасьць апавяданьняў, як „дзецям“.

Вызначаючы далейшую клясыфікацыю тэматычнага матэрыялу і перш за ўсё клясыфікацыю асярэдзіны герояў, канечна трэба ўзяць пад увагу тую агульную уласьцівасьць мастацтва Я. Коласа, якая так выразна ў ім выяўляецца, — гэта яго гумар. Сярод апавяданьняў яго галоўнае месца