Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такім чынам, ёсьць ня толькі пацешныя адносіны да пытаньняў грамадзкасьці і політыкі з боку беларускай вёскі, але і больш сталыя. Калі першыя выклікаюць толькі ўсьмешку ці нават сьмех і для самых герояў у большасьці выпадкаў праходзяць зусім бяскарна, то другія ужо выклікаюць сталыя разважаньні і для самое дзеючае асобы канчаюцца цяжкімі вынікамі; сталыя адносіны выклікаюць і сур'ёзныя вынікі. Значыць, ёсьць ня толькі сьмех над жыцьцём, але і барацьба за яго.

Але тут намаляваны лёс толькі аднае асобы, аднаго героя, гэта толькі вузкі кавалак жыцьця, які датычыць толькі асобнага індывідууму, прычым самога малюнку барацьбы, за якую Паўлюка пакаралі, аўтар нават і не падае.

Другое апавяданьне "Бунт" дае ўжо больш шырокі малюнак гэтай якраз барацьбы за соцыяльнае дабро жыцьця, і героем тут зьяўляецца маса, колектыў, а з яе глыбіні выступаюць і асобныя людзі. Ужо зазначалася, што ў апавяданьнях гэтай групы пісьменьніка, галоўным чынам, цікавіць прырода самога зьместу, які ён малюе. З прычыны гэтага, дзеля дасягненьня вядомай поўнасьці ў выяўленьні апісаных ім зьяў, ён больш доўга спыняецца на сваіх героях. Калі раней ён ці зусім праходзіў міма іх, даўшы ім толькі першыя, якія трапляліся яму пад руку, імёны, ці—ж кідаў выпадкова некалькі характарызуючых слоў, то цяпер ён зьвяртаецца да іх мінулага, адзначаючы ў іх характары тыя рысы, што знайшлі свой адбітак у падзеях, якія становяць тэму апавяданьня. Часта спосабам характарыстыкі героя цяпер у яго зьяўляюцца ўспаміны, пры дапамозе якіх ён заглядае ў іхнае мінулае.

У названым апавяданьні перад намі выступае дзед Юрка. Ён абмаляваны даволі падрабязна, спачатку ў тэорытычнай характарыстыцы аўтара, а потым і ва "ўспамінах".

"Дзед нікому не баяўся сказаць у вочы праўду; на ўсіх, нават на земскага начальніка, казаў ён „ты". Раз на судзе ў валасным праўленьні земскі сказаў на дзеда, як дзед разнуў яму адну праўду:

— Гэта цябе не касаецца, стары бацук!

Гневам заблішчалі старыя вочы дзеда:

— А што, брат: ня так баліць, як сьмярдзіць?

І, памаўчаўшы, дабавіў з гневам, глянуўшы на вусы земскага:

— Ой, падла, хрушч, жабіны начовачкі!—Плюнуў дзед і вышаў з канцылярыі" (46—47).

У такім—жа выглядзе характарызуецца і другі герой—Сьцёпка Ляўшун, якому разам з Юркам належыць актыўная роля у захопе панскай зямлі. Гэта кваліфікуецца з боку ўлады, як бунт, які даводзіць да сумных для сялян вынікаў.

Далей. У папярэдняй групе мы маем цэлую галерэю так званых "п'яных герояў". Сярод іх, як ужо зазначалася, былі і лясьнікі. Гэтым вясёлым персонажам у апавяданьнях другога шэрагу проціставіцца сталая постаць лясьніка ў апавяданьні пад назвай "Васіль Чурыла". Лёс