Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У першай групе пісьменьнік дае, як было зазначана, шэраг гуморыстычных малюнкаў больш за ўсё з галіны грамадзка—політычных настрояў беларускай вёскі ў 1905 годзе. Тут, у другой, проціставяцца ім два апавяданьні: "Калядны вечар" і „Бунт“, зьмест якіх датычыць таго—ж самага грамадзка-політычнага моманту, г. зн. 1905 году, але з свайго характару ён іншы.

У першым з іх— "Калядны вечар"—аўтар дае яскравы малюнак чаканьня ў сям'і лясьніка Тараса прыезду на сьвята яго сына Паўлюка, які вучыўся ў горадзе—у семінарыі. Пісьменьнік з вялікай здольнасьцю малюе нарастаньне таго напружнага чаканьня, якое панавала ў сям'і Тараса.

Спачатку ідзе малюнак прыгатаваньня розных страў да сьвята і для спатканьня дарагога госьця.

"Сягоньня Кася раней запаліла ў печы. Белаваты дымок роўна падымаўся ўгару і расплываўся высока ў ціхім марозным паветры. Каля печы ўжо стаяў заслон, накрыты чыстым застольнікам. На адным яго канцы стаяла ражка з цестам, скавароды весела брынчалі па прыпечку, і мяккія, гарачыя аладкі, як ігрушы, кідаліся спрытнай рукою Касі. Уся лава проці печы была застаўлена міскамі, гарнушкамі, гаршчкамі, з усякімі прыпасамі для вячэры... У покуці на сене ўжо важна стаяў гаршчок з куцьцёю. Мужчыны ўхадзіліся і цяпер мыліся ў ночвах. Дзядзька засеў брыцца. Малышы даўно ўжо памыліся, прыбраліся і гатовы былі сесьці за стол... Усе нецярпліва чакалі Тараса і Паўлюка, асабліва Паўлюка" (43—44).

Потым, пасьля пэўнага адхіленьня, аўтар зноў варочаецца да выяўленьня чаканьня таго самага Паўлюка, але цяпер гэтае чаканьне робіцца больш напружным.

"Усе ў хаце чакалі Паўлюка і аб ім толькі думалі. Дзядзька Андрэй зрабіў яму пекную шафку для кніг і прыбіраў яе каля сьцяны, дзе спаў Паўлюк. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяньнік і прыгатаваць чыстую пасьцель. Старшы сын, Алесь, расстараўся другую стрэльбу, каб пайсьці з Паўлюком на зайцоў. А Пятрусь і Міхась вывучылі ўвесь буквар, бо Паўлюк дакляраваў ім за гата кніжок з малюнкамі" (44).

Урэшце, зноў пасьля невялічкага перапынку, чаканьне дасягае апошняй ступені.

"На дварэ забрахаў стары Жук. Усе кінуліся к акну. Прыехалі! Вот зараз адчыняцца дзьверы і на парозе пакажацца фігура Паўлюка з маленькімі, цёмнымі вусікамі і шчасьлівым тварам. Кася абверла хвартуком вусны. Лёгкая дрыготка прабегла па яе целу. Міхась з Пятрусём палезьлі на печ. Дзяўчаты стараліся ўзяць што—небудзь у рукі і цікавалі на дзьверы" (45).

Але настрой раптам і нечакана спадае.

"Цераз некалькі хвілін увайшоў Тарас. Ён быў хмурны. Тарас маўчаў. У хаце зрабілася нудная цішына — У турме наш Паулючок! — як стогн, вырвалася, урашце, з грудзей Тараса. І ў хаце стала яшча цішэй, яшчэ нудней"... (46).