Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ІІ

Другое у колькасным стасунку месца займаюць апавяданьні са зьместам сур'ёзным, бяз жаднага гумору. Гэта група вельмі невялікая. У ёй, аднак, пэўна выступаюць дзьве зусім розныя катэгорыі апавяданьняў. З аднаго боку, мы маем шэраг апавяданьняў з быту тэй—жа самай беларускай вёскі, але яны малююць яе ўжо зусім у іншых фарбах і з боку зусім другіх зьяў яе. Гэтыя апавяданьні становяць сабой дадатак да тых, што ствараюць першую групу, даючы разам з імі больш—менш усебаковае апісаньне таго быту беларускага сялянства, які малюецца аўтарам. Калі папярэднія апавяданьні выкрываюць, галоўным чынам, адмоўныя зьявы яго, дык малюнкі другога шэрагу ўжо адбіваюць сур'ёзныя бакі жыцьця. Сюды ж далучаюцца і творы, прысьвечаныя апісаньню дзяцей. З другога боку, ёсьць некалькі асобных апавяданьняў. З формы яны становяць сабою лірычныя вершы, напісаныя ў прозаічным відзе, а іх зьмест мае ў сабе выклад асабістай філёзофіі аўтара, яго погляды на тое жыцьцё, якое знашло свой конкрэтна—мастацкі адбітак у апавяданьнях папярэдніх груп.

У тэматычным стасунку апавяданьні гэтага роду знаходзяцца ў пэўнай роўналежнасьці з папярэднімі апавяданьнямі; інакш кажучы, таму або іншаму апавяданьню ці шэрагу іх з першай групы тут, у другой, таксама адпавядае адно або некалькі апавяданьняў, са зьместам, блізкім да папярэдніх. Характар тэматыкі твораў гэтай другой групы адбіваецца і на адносінах аўтара да тых зьяў, што ён малюе, а таксама і на яго спосабе абрысоўкі іх. Калі ў першым выпадку яго цікавіў, галоўным чынам, бок літаратурна—мастацкі, гумор твораў, як мастацкае аматарства, а ўжо потым соцыяльная сутнасьць ды грамадзкая вартасьць зарысовак, то ў другім—яго цікавяць пераважна пытаньні грамадзкага парадку, іх характар ды зьмест, а потым ужо і мастацкае выкананьне іх. Гэта, як будзе відаць з далейшага, знашло свой адбітак і на спосабах мастацкага выяўленьня аўтара.

Роўналежнасьць паміж гэтымі дзьвюма групамі апавяданьняў ідзе і далей. Як там, так і тут у якасьці дзеючых асоб выступаюць масы—герой колектыўны, і асобныя постаці—герой індывідуальны.