Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

так здаецца самому герою. У вачох аўтара і чытача ён мае зусім другі выгляд. З люстэрка, у якое пазірае Сьпірыдон перад пісьменьнікам паўстае постаць, якая пакручвае "пяць сьветлых, пад колер сьмятаны, валаскоў пад носам, каторыя азначалі сабою Сьпірыдонавы вусы"... "З люстэрка пазіралі такія—ж сьветлыя, як і вусы, вочы, сьветлыя бровы, каторыя з першага погляду трудна было разгледзець. Адзін толькі нос—чаравік—кідаўся кожнаму ў вочы сваім доўгім, задраным угару канцом, афарбаваным пад бурачны квас. І дурню было ясна, што гаспадар гэтага носа дужа змагаўся з п'янствам, і змагаўся проста, адкрыта чэсна, бяз усякіх там хітрыкаў: галялюшчыў—і толькі" (188). Наогул нос у Сьпірыдона адыгрывае вялікую, але ракавую для яго ролю. Ён зьяўляецца, разам з другімі няспрыяльнымі для яго акалічнасьцямі, прычынай яго няўдач у заляцаньні да гарадзкіх паненак. Сьпірыдон карае яго за гэта пстрычкамі: "Прыгнуў Сьпірыдон сярэдні палец правай рукі да вялікага пальца. Троп!—троп!—троп!—панеслася па пустой кватэры. Так табе і трэба, ашуканцу!—прыгаварваў Сьпірыдон, даючы ў нос пстрычкі" (199).

Разгледжанымі творамі вычэрпваецца першая група апавяданьняў гумарыстычных. Як можна бачыць з папярэдняга, Якуб Колас, малюючы цёмныя, адмоўныя бакі беларускага сялянства, закрануў самыя рознастайныя бакі іх, зазначыўшы разам з тым галоўную прычыну гэтых зьяў—адсталасьць і някультурнасьць беларускай вёскі. Гэтым зазначэньнем ён надае свайму сьмеху сур'ёзны характар. Разам з тым, ён даў шэраг замалёвак і больш лёгкіх—якія зьяўляюцца ўжо аддаленым вынікам умоў акружаючай асярэдзіны. Малюючы гэтыя рознастайныя сцэны, аўтар спыніў сваю ўвагу як на героі колектыўным—народнай масе, так і на асобным індывідууме. Урэшце, мы можам сказаць, што разгледжаныя апавяданьні наогул даюць шырокі малюнак бытавых умоў беларускага сялянства, узятых ім з аднаго толькі боку.