Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

набытку сьмяяліся акаляючыя яго асобы і нават жывёлы: "Сьцяпану успомніліся словы Зосі, Цырлік, Мікалай, як скакаў ён лявоніху, рыжая і падласая карова і бык. Ну, усе—ж з яго сьмяяліся" (119). Або ў апавяданьні "Недаступны". Натоўп каля студні, куды схаваўся Арцём, кпіў з яго: „там і сям наўперад цішэй, а потым сьмялей разносіліся вясёлыя раскаты сьмеху" (130).

Аднак, гэты сьмех наводзіць чытача на сур'ёзныя разважаньні. Аўтар, даючы шэраг комічных малюнкаў і адзначаючы ў той самы час крыніцы іх (някультурнасьць), азначана паказвае, што гэта цёмны, адваротны бок жыцыя, што ёсьць жыцьцё другое, сьветлае. Гэта думка нябачна ёсьць ва ўсіх апавяданьнях, надаючы і самому сьмеху сур'ёзнае значэньне.

Але ёсьць нявялікая група апавяданьняў крыху іншага характару. У іх гумар някрыўдны, лёгкі, забаўны; ад яго не цякуць сьлёзы і не зьяўляюцца горкія ды цяжкія разважаньні. Гэтыя апавяданьні — проста гумарэскі, якія лёгка і вольна плывуць у сьвядомасьці чытача, пакідаючы толькі эстэтычна—гумарыстычнае ўражаньне без дамешкі якіх-небудзь іншых псыхолёгічных настрояў. Вось перад намі Лукаш з апавяданьня "Адгукнуўся". Ён пашоў на вялікдзень у царкву, але яго асільвае сон. Пакуль красны ход хадзіў вакол царквы, Лукашу пасьпеў прысьніцца цэлы сон. "Прысьніўся яму пракляты плыт. Вот, здаецца, Лукаш стаіць з прысам на галаве плыта, а Піліп—заднік, яго памочнік, завіхаецца назадзе. Вада чуць—чуць тоўпіцца ў берагох, і плыт плыве па ёй лёгка, як трэска, толькі ў нартох зьвіваецца ён, як вужака, скрыпяць лаўкі, і плыт борзда-борзда бяжыць за вадою" (44). Працэсія ўжо вярнулася, і яго сусед, Янка Бязногі, ужо цалуецца з ім, але Лукаш, "ня прышоўшы ў памяць, лыпнуў вачыма і, думаючы, што ён яшчэ на плыце, загаманіў на ўсю царкву:—Піліп! Kідай шырыгу!.." (45).

Або вось, Арцём (апавяданьне "Недаступны"), ратуючыся ад свае жонкі, залазіць у студню і ня хоча адтуль вылазіць, ня гледзячы на патрабаваньне яго жонкі, сына, суседзяў і нават прадстаўніка ўлады сельскага старасты. Толькі пасьля прад'яўленьня і згоды на ультыматум у тым, каб Грыпіна яго больш ня лаялася, каб усе, што сышліся, разышліся, ён згаджаецца выйсьці з свайго недаступнага прытулку.

Або далей, беднаму Івану (апавяданьне "Выстагнаўся") жыцьцё не дае як сьлед "выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілага жыцьця" (155); яму часамі няма часу для гэтага; розныя жыцьцёвыя дробязі перашкаджаюць яму ў гэтым.

Або, урэшце, сельскі стараста (расказ "Стараста")—вялікі аматар чынаўшанаваньня, надзімаецца, як індык, імкнучыся паказаць высату і сілу свае ўлады, якая дана яму законам.