Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЛЯ ВЫТОКАЎ МACTAЦKAЙ ПРОЗЫ ЯКУБА КОЛАСА

А. Вазьнясенскі

Мастацкая проза Якуба Коласа ў агульным разьвіцьці апавядальнага жанру беларускай літаратуры займае выдатнае месца. Яно азначаецца, з аднаго боку, колькасьцю яго твораў у гэтым родзе, а з другога — і якасьцю іх. Само сабой зразумела, што пераважную вагу для азначаньня катэгорыі мастацкай вартасьці твораў мае якасны бок іх. У гэтым выпадку з упэўненасьцю можна адзначыць, што і у сфэры сваіх першых літаратурных спроб пісьменьнік выяўляе такія мастацкія даныя, якія ў поўнай меры пацьвярджаюць правільнасьць вызначанага для яго стану ў беларускай літаратуры. Гэта акалічнасьць прымушае і дасьледцу спыніць сваю навуковую ўвагу, у першую чаргу, якраз на Якубе Коласе, як мастака апавядальнага жанру.

З боку колькаснага эпічная творчасьць пісьменьніка надта вялікая.

Яна можа быць прадметам вялікага спэцыяльнага дасьледваньня, для укладаньня якога ў яго поўным аб‘ёме, аднак, час яшчэ не надышоў. Нашы мэты больш сьціслыя. Мы маем на ўвазе выўчэньне толькі пачатковых момантаў творчасьці Я. Коласа, тых якраз яго твораў, што для наступных зьяўляюцца свайго роду вытокамі, якія вызначаюць асноўныя шляхі яго мастацкага разьвіцьця. Прадметам нашага разгляду будуць два яго зборнікі: „Апавяданьні[1] і „Родныя зьявы[2]. Сьпярша мы спынім сваю увагу на іманэнтным выўчэньні літаратурнага матэрыялу, што знаходзіцца ў гэтых выданьнях, а потым, у межах магчымасьці, вызначым для яго і гістарычныя сувязі ды адносіны з рознымі фактарамі акаляючай гісторыка-культурнай асярэдзіны.

  1. Тарас Гушча. Апавяданьні. Вільня 1912 г. Сюды ўваходзяць расказы: „Васіль Чурыла“, „Чорт“, „Калодка пчол“, „Кантракт“, „Імяніны“, „Соцкі падвёў“, „У балоце“, „Калядны вечар“, „Зоркі-анёлы“, „Кірмаш“, „Жывая вада“, „Андрэй Выбаршчык“.
  2. Тарас Гушча. Родныя зьявы. Вільня, 1914 г. Тут зьмешчаны расказы: „Думкі ў дарозе“, „Дудар“, „Зло — не заўсёды зло“, „Старасьць — ня радасьць“, „У старых дубох“, „Дзеравеншчына“, „Адгукнуўся“, „Бунт“, „Малады дубок“, „Трывога“, „На начлезе“, „Кажух старога Анісіма“, „Старыя падрызьнікі“, „Соцыяліст“, „Недаступны“, „Дзяліцьба“, „Знайшлі“, „Выстагнаўся“, „Злавіў“, „З днеўніка пана Жылака“, „Стараста“, „Так і трэба ашуканцу“, „Выбар старшыні“, „Злучыліся“, „Казкі жыцьця“.