Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да пісаньня. Нарэшце, „прашла добрая гадзіна часу", і ўсё здабыта: памяты аркуш паперы ў Барты, а атрамант і асадка—за дзьве вярсты ў старога Гіршы.

Але няма каму пісаць контракту, прымусілі Міхалку. Стараста, зрабіўшы „мудрую міну", дыктуе: „Пішы! Мы, ніжэй падпісаўшыеся мужыкі з вёскі Ямішч, скліканыя нашым старастам"... Міхалка напісаў: „Мы... мы... мы... ліжэ... іжэ... падказаўшыся"... Далей справа не пашла, бо стараста ня ведаў, што пісаць, аж холадна зрабілася яму: пачаць то пачаў, але чым скончыць, а Міхалка „упёрся носам у контракт"! Пастаноўлена: „Прыедзе пісар, дык і напіша"... (21—22). Зноў, як і раней, комізм выяўленьня абапіраецца на контрасьце між тэорыяй і практыкай; у тэорыі „сур'ёзна" сьцьвярджаецца канечнасьць укладаньня контракту, а ў жыцьці гэта не ўдаецца з прычыны някультурнасьці народу і даводзіць да сьмешных вынікаў. Як у расказе папярэдняй групы п'яная псыхолёгія зьяўлялася выпраўданьнем рознахарактарных дзеяньняў герояў і мотывоўкай для іх, так і тут тую—ж самую ролю выконвае ўжо другая зьява, а менавіта—няпісьменнасьць і няразьвітасьць народу.

Як вынік гэтых зьяў, у жыцьці беларускага сялянства зьяўляецца цэлы шэраг становішчаў, у якіх ён ня ўмее разабрацца, ня ўмее належным чынам падыйсьці да іх ды як сьлед узяцца за справу. На падставе гэтага ўзьнікае цэлы шэраг комічных колізій, якія аўтар і бярэ ў якасьці сваіх мастацкіх выяўленьняў.

У большасьці выпадкаў псыхолёгічнай асновай у такіх абмалёўках зьяўляюцца забабоны, вера ў розныя прыметы, прадраканьні і г. д.

Вось перад намі расказ „Старыя падрызьнікі", дзе гэта няўмельства ўзяць справу ў рукі і выканаць яе як сьлед, выяўляецца асабліва выразнай. Гэта якасьць героя, узятая сама па сабе, як уласьцівасьць адмоўная, ужо мае ў сабе даныя для гумарыстычных адносін да яго чытача. Але тут яна, апрача таго, параўноўваецца, каб больш было гумару, з тым, што можна назваць паўнатой жыцьця. У апавяданьні контрастуюцца, з аднаго боку, неабдуманасьць, нерахубнасьць і нават нейкая сантымантальнасьць героя расказу — Сьцяпана, а з другога—дасьціпная рахубнасьць і ўмельства орыентавацца ў конкрэтнай сытуацыі жыцьця другога персонажу — Шлёмы. Праўда, адчуваньні першай асобы аўтар імкнецца ўгрунтаваць пэўнымі моральнымі меркаваньнямі, аднак яны не даюць яму перавагі над другім героем. Перамагае практыка жыцьця. Сьцяпан купіў два падрызьнікі пасьля нябожчыка сьвяшчэньніка, у якога ён служыў за парабка. Сьцяпан так прызвычаіўся да рэчаў, жывучы ў чужых людзей, што яму цяжка пакінуць іх. „Кожны вугал двара, кожная жэрдзіна ў плоце былі яму так блізкі і так знаёмы, як—бы гэта былі яго дзеці. А гэтыя тоўстыя вязы, каторыя чародамі стаялі вакруг пасады, каторыя ні кропелькі не адмяніліся з тых часоў, як іх запамятае Сьцяпан, і пад каторымі не адзін раз даваў ён храпунца