Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

косьці забражджаць! Хто ты мне?——бацька або дзядзька? Дзяцей я з табою хрысьціў? Вон з майго воза.

Нічыпар абхапіў мяшок, лёг з ім урад, узьняў, таўхануў каленам і кінуў на дарогу.

— Разьлёгся—бо, як пан які,—пачаў Нічыпар, каб апраўдацца перад сабою:—я чалавек такі: ні з кім ня судзіўся, бо судзіцца ня люблю, раз, раз—і гатова" (148—149).

Так ехалі нашы героі і дарогай згубілі свае шапкі. Заўважыўшы згубу, яны абодва пачалі шукаць іх. Яны ўбачылі ляжаўшы на дарозе стары падраны капялюш, які быў вывезены са сьмецьцём у поле і прынесены ветрам на дарогу. Кожны з іх палічыў яго за сваю згубленую шапку. Яны абодва памкнуліся да яго і абодва за яго схапіліся. Пачалася сварка, якая хутка перайшла ў бойку між імі. Калі абодва змучаныя яны ўжо кінулі тузацца „і толькі цяжка саплі, як кавалёвыя мяхі", Нічыпар на пытаньне свайго супраціўніка, што—ж будзе далей, адказаў:

„Нічога ня будзе; адпачынем ды ізноў будзем баранаваць... Я чалавек такі: біцца не хачу, судзіцца ня люблю і я, апроч таго, чалавек бывалы: быў у кузьні і ў млыне. І тут—гу—гу!—і там—гу—гу! нічога разабраць. не магу..." (153). Хутка, аднак, яны ўбачылі сваю памылку: абодва—ж бо шукалі шапку, а не капялюш. Плюнуўшы са злосьці, яны пастанавілі ехаць разам і па дарозе выпіць: „ня выпіўшы не патрапіш".

Як відаць з паданых апісаньняў, комізм іх ёсьць, перш за ўсё, у маляваньні, якраз, п'янага стану герояў з выцякаючымі з яго вынікамі, а потым і ў скарыстаньні аўтарам звычайнага для яго спосабу контраставаньня між тэорыяй і нязбытнай практыкай. Вобразы такіх самых гуляшчых сяброў маюць працяг і ў апавяданьні „Чорт" з іншымі толькі знадворнымі выяўленьнямі ды дзеямі, але—ж з тымі самымі мастацкімі спосабамі маляваньня іх. Перад намі лясьнік Міхась ды Іван; яны, „што называецца трынкнулі" ў „цёткі Хрумы" і вяртаюцца цяпер дадому. Як належыць п'яным героям, яны цалуюцца адзін з адным, клянуцца гневам Пяруна ў любасьці адзін да аднаго і г. д. Міхась, як заўважае аўтар, быў чалавек „вясёлы", асабліва, калі вып'е: „тады ён штукар на ўсе рукі". Гэта тэорытычная характарыстыка тут—жа і пацьвярджаецца конкрэтным здарэньнем, героем якога і аказваецца Міхась. Вывернуўшы на сабе кажух уверх воўнай і ўваткнуўшы ў шапку дзьве палачкі замест рожак, ён надумаўся прадставіць чорта і напалохаць праяжджаўшага Пятруся Гвазьдзя; і месца якраз было страшное—„Кірылава магіла". Гэта той якраз Пятрусь, што, як зазначае аўтар, „летась украў у Міхася з лесу тры вязы" (12). „Назаўтра Пятрусь Гвозьдзь усім як у звон званіў, што бачыў чорта каля „Кірылавай магілы" (13).

Цікавым момантам, каштоўным для выясьненьня поэтыкі пісьменьніка ў гэтым апавяданьні „Чорт" ёсьць спосаб пабежнага апісаньня Пятруся Гвазьдзя („Той самы Пятрусь, што летась украў у Міхася"... ды інш.).