Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вяртаньне з гораду п'яных сяброў мастак апісвае і ў другім апавяданьнi „Знайшлi", ужываючы ў ім тыя самыя спосабы маляваньня, што і ў папярэднім выпадку. Адзін з iх—Мікалай. Ён страціў яснасьць свайго розуму і выяўляе характарную для п'янага чалавека роўнадушнасьць да ўсяго наукола—тую роўнадушнасьць, што выражаецца ў вядомай прыказцы: „п'янаму і мора па калені". Ён „не памятае, як ён запрог каня, як сеў на воз і выехаў з Менску. Суседзі назаўтра казалі, што Мікола сеў упоперак воза, так, што адна нага яго была ў драбінах, а другая была выстаўлена на Фасон пісталета... „Мікалай, як праз сон, памятае дарогу, тыя крамкi на краю гораду, тыя карчомкі з вывескамi „Пiва", дзе затрымоўваліся сялянскія хурманкі, каб купіць якую—небудзь дробную рэч і ў апошні раз папрашчацца з горадам, хлабыснуўшы на дарогу шклянку піва. Мікалаю нічога гэтага ня трэба было, і каб яго хто запытаў тады, што ў яго на карку—капуста, гарбуз цi галава, то ён зразу напэўна не адказаў—бы па тэй прычыне, што ён ня чуў галавы. Скарэй усяго яму здавалася, што на плечах у яго быў кацёл" (144—145).

Другі герой апавяданьня, ехаўшы ўжо з гораду крыху ззаду,—Нічыпар Касмы. Ён у такім самым стане, але выяўляе другія эмоцыi п'янага стану: нахіл да сяброўскіх гутарак, а потым i да рэзка процілежнага настрою—варожасьць да таго самага об'екту.

„Ляжаў ён галавой к конскаму заду, абняўшы мяшок атрубоў, і гаварыў з ім, як з пярвейшым другам на сьвеце, бо думаў, што гэта быў не мяшок з атрубамі, а яго добры знаёмы, каторага ён узяўся падвязьці.

— Ты кажаш, брат, што гарох у цане? На ўсё цяпер расьце цана... На лета засею усё поле гарохам... Но—o!—гукнуў Нічыпар і хвасануў пугаю па воздусі ў той бок драбіны, дзе з роду не запрагаўся конь.

— Лявон,—гаварыў далей Нічыпар да мяшка:—давай займёмся гарохам, га? Што, брат Лявон, ці не казлы ты ужо дзярэш? Эх, ты, слабейка: выпіў, як куранё, а зьвiўся, як вуж, глынуўшы жабу. Гной ты, a не чалавек.

Тут Нічыпару ўсьпомнілася песьня пра Лявона, і ён зацягнуў:

Ды Лявон мой
Ды павёз гной,
Ды ляцела варона,
Ды схапіла Лявона (147).

Гутарка яго цягнулася і далей: скончылася яна тым, што ён пачаў цалаваць мяшок. Але тут акалічнасьці зьмяніліся. Абнімаючы і цалуючы „Лявона", Нічыпар прыгаварваў:

— І сыты—ж ты, ліха твайму ліху, проста, як мянёк! Дзе ты нагуляў гэтулькі сала? Ось як вазьму я цябе, як скіну, як шпурну, то ты ў мяне апынiшся... у Сëмкавым Гарадку! Што, можа скажаш ня шпурну? Ня шпурну? Я цябе ня шпурну? Дальбог, шпурну, так шпурну, што