у якой гэты сродак аб'яднаньня мастацкага матэрыялу ўжываецца асабліва шырока. Асабліва блізкія да народнай славеснасьці тыя віды роўналежнасьці, якія будуюцца на падставе чаргаваньня малюнкаў прыроды з малюнкамі дзеяньняў чалавека. Гэтыя роўналежнасьці ў нашага пісьменьніка адназьвяновыя ці шматзьвяновыя, у формах апавядальных перадаюць тыя тыпы адначленных ці многачленных параўнаньняў, якія запаўняюць сабою песьні беларускай народнай лірыкі і шлюбна-абрадавай поэзіі. Само сабой зразумела, у руках народнага песьняра гэты спосаб мае кароткі, спрошчаны, прымітыўны выгляд. У ім проста даецца параўнаньне, напр., вобразу прыроды, зары ці зоркі і жыцьця чалавечага: дзяўчыны ці хлапца (маладой і жаніха). Або карціны прыроды могуць накапляцца і ствараць шматчленнасьць роўналежнасьці. Гэта—адыходныя першапачатковыя тыпы роўналежнасьці, якія ў літаратуры асабістай значна ўскладніліся і дыферэнцыяваліся ў выглядзе рознастайных комбінацый з адзначаных асноўных. Гэты спосаб у Я. Коласа больш складаны ды шырокі. Апрача таго, многачленнасьць у яго іншая; яна становіць сабой нанізваньне адназьвяновых роўналежнасьцяй; іначай кажучы, традыцыя народнай творчасьці тут выступае ва ускладненым выглядзе і набліжае гэтую роўналежнасьць да тых, якімі опэруе асабістая творчасьць.
Другія віды роўналежнасьці, вызначаныя ў апавяданьнях, куды бліжэйшыя да тых, што ёсьць ужо ў штучнай літаратуры, прыватна-ж, у пісьменьнікаў тэй-жа „натуральнай школы". Гогаль таксама карыстаўся гэтым спосабам, прыкладам, у такіх-жа відах, як гэта мы маем і ў Я. Коласа. Так, у яго „Невском проспекте“ даецца роўналежны малюнак, з аднаго боку, грамадзтва, да якога належаць галоўныя героі аповесьці Піскароў ды Пірогаў, а з другога, апісваюцца яны самі з тымі падзеямі, што здарыліся з імі. Ці ў аповесьці „О том, как поссорились Иван Иванович с Иваном Никифоровичем" пісьменьнік будуе свае характарыстыкі герояў на прынцыпе роўналежнасьці ("Иван Иванович сердится, если ему попадет в борщ муха", „Иван Никифорович чрезвычайно любит купаться" і г. д.). Да гэтых гогалеўскіх роўналежнасьцяй больш за ўсё падыходзяць у Я. Коласа тыя, што знаходзяцца ў апавяданьнях „Чорт" і "Знайшлі“.
Роўналежнасьць у композыцыі дзеючых асоб мае для сябе адпаведнасьць у творах аднаго з найвыдатнейшых прадстаўнікоў тэй-жа самай натуральнай школы—Л. Талстога. Больш паступова ў яго спосаб роўналежнага разьмяшчэньня герояў праводзіцца ў яго буйных творах, такіх, як „Война и мир", „Анна Каренина". У першым з іх выразна адчуваецца процістаўленьне групы герояў тыпу Наполеона—Кутузова групе персонажаў у духу П'ера Бязухага—Андрэя Балконскага; у другім: групы Анна—Вронскі групе Левін—Кіці. Але ў Талстога падставай для такой групоўкі аказваюцца прыметы іх моральнага ды разумовага стану—розны зьмест сьветапогляду. Тымчасам у Я. Коласа ў такіх выпадках на першым месцы прыметы соцыяльнага характару.