На першым пляне ў якасьці увартуры ў такім вялікім творы павінны быць пастаўлены апавяданьні: „Думкі ў дарозе", „Зоркі-анёлы", "Жывая вада“ і „Дудар". Першыя два апавяданьні тэорытычна малююць агульны мастацкі сьветапогляд аўтара на жыцьцё ў яго шматвобразных выяўленьнях, як агульна чалавечых, так і нацыянальна-беларускіх, галоўным чынам, у адносінах соцыяльных. Трэцяе апавяданьне — „Жывая вада" мае ў сабе тую самую думку, але выкладае яе ў форме сымболю, казкі. Увогуле, гэтыя тры апавяданьні даюць у тэорыі мастацкую філёзофію аўтара. Апошняе апавяданьне таксама павінна ўваходзіць у гэты зачын твору, у яго пролёг, бо ён малюе становішча поэты і мастака ў гэтых шматвобразных адносінах акаляючага жыцьця і яго адносіны да іх.
Далей, пасьля пролёгу, павінна ісьці асноўная часьціна твору, якая, як гэта выцякае з папярэдняга, знаходзіцца ў цеснай сувязі з пачатковай яго часьцінай, даючы мастацкую ілюстрацыю для асноўных палажаньняў, высунутых у тэорытычным сьветапоглядзе аўтара. Пры гэтым больш ды шырэй за ўсё аўтар, як вядома, спыняецца на мастацкім асьвятленьні „сіраты людзкой будовы", на мужыцкай вёсцы, толькі мімаходзь кідаючы свой погляд і на прадстаўнікоў панска-шляхецкага стану. Тут выступае, як толькі што зазначалася, бок гумарыстычны і сур'ёзны; той і другі прадстаўлены, як вядома, цэлым шэрагам апавяданьняў. Пытаньне аб іх узаемных адносінах адзін да аднаго ды іх композыцыйным разьмяшчэньні на адным шырокім палатне малюнку зьяўляецца пытаньнем мастацкай тэхнікі пісьменьніка, таму тут мы бярэм адвагу ня сябе даць толькі прыблізную ды мо і грубую схэму іх разьмяшчэньня.
Перш за ўсё, канечна трэба паставіць апавяданьні, якія малююць нам герояў—комічных ды сур'ёзных у іх дзіцячым веку. Дзеці ў апавяданьні „На начлезе", якія кпяць з дзеда Тамаша, строяць яму розныя штукі—гэта будучыя героі гумарыстычных апавяданьняў. Гэта яны, калі будуць у сталым веку, выступяць у апавяданьнях: „Чорт", „Калодка пчол", „Кірмаш", „Трывога", „Старыя падрызьнікі", „Соцыяліст", „Недаступны", "Дзяліцьба", „Знайшлі" ды інш. З іх-жа, мабыць, выйдуць у канцы іхнага жыцьця такія старыя, як Анісім з яго кажухом. Апрача таго, з іх-жа асярэдзіны выйдуць і прадстаўнікі сельскай улады з іх дурнотай, грубасьцю, нахілам да беззаконнасьці, да вясёлага прабаўленьня часу. Бясспрэчна, калі яны дасягнуць кар'еры пісара, вурадніка, сядзельца і г. д., мы іх, якраз, сустрэнем у апавяданьнях: „Імяніны", „Соцкі падвёў", „Злавіў". Калі хто-небудзь з гэтых вясковых жартуноў трапіць у горад, дык у ім лёгка будзе пазнаць героя апавяданьня „Так і трэба ашуканцу". Калі-ж ім проціпаставіць прадстаўнікоў другой клясы—вясковую шляхту, цесна з імі зьвязаную, дых у адзін тон гэтым героям вёскі перад намі стануць бесталковы пан у апавяданьні балоце" ці-ж заўсёды п'яны пан Жылака („З днеўніка пана Жылака"). Гэта граніца жыцьця комічная, пацешная і разам з тым у большасьці выпадкаў цёмная, адмоўная.