Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сабе, у большасьці сваіх спосабаў, становіць сабой зьяву аналёгічную, і ўвядзеньне такога самага канца зусім натуральна.

Дагэтуль мы разглядалі композыцыйныя спосабы Я. Коласа ў пабудове ім асобных твораў. Цяпер канечна трэба зьвярнуць увагу на ўсе разгледжаныя намі апавяданьні, як адзінае мастацкае цэлае. Разглядаючы іх з гэтага пункту погляду, канечна трэба сказаць, што ўсе яны ўвогуле становяць сабой адзін цэльны твор тыпу роману ці аповесьці, у якім асобныя апавяданьні адыгрываюць ролю яго разьдзелаў. Падставай для такога вываду даюць усе разгледжаныя намі часьціны поэтыкі Я. Коласа і сужэтная пабудова ды стыль.

У аглядзе тэматыкі ўжо зазначалася, што агульны зьмест разгледжаных апавяданьняў становіць быт беларускай вёскі. З гэтага боку, гэта агульнае адзінства тэматыкі яго твораў зьяўляецца адным з паказальнікаў і агульнага адзінства ўсіх гэтых апавяданьняў, магчымасьці іx a6'яднаньня ў той ці іншы апавядальны жанр. Далей, асобныя часьціны гэтай тэматыкі—пэрсонажы і фон, на якім яны выступаюць, таксама ў асобных сваіх часьцінах, зьяўляюцца ўсяго толькі эпізодамі аднаго вялікага малюнку, які рысуе жыцьцё беларускага сялянства. Дзеючыя асобы яго апавяданьняў, як ужо зазначалася, падзяляюцца на дзьве групы: на герояў комічных, якія адбіваюць розныя хібы акаляючай асярэдзіны, што павінны быць так ці іначай зьнішчаны, і на герояў сур'ёзных, якія зьяўляюцца часьцей ад усяго ўвасобнікамі пэўных станоўкіх вартасьцяй жыцьця. Апрача таго, пры выяўленьні як адмоўных бакоў акаляючых умоў, так і станоўкіх, каштоўных, увага аўтара спыняецца на розных межах іх. Такім чынам, з гэтага боку жыцьцё, як об'ект мастацкага выяўленьня, знаходзіць у творах у іх агульным аб'ёме рознабаковае асьвятленьне. Гэта акалічнасьць таксама сьведчыць на карысьць выстаўленага намі вываду аб цесным адзінстве яго апавяданьняў.

Потым, абставіны дзеі таксама ўвогуле даюць закончаныя і нават шырокія малюнкі, перш за ўсё, беларускай прыроды, а потым быту вясковага ды гарадзкога. І гэты бок сьведчыць аб шырокіх мастацкіх горызонтах аўтара, уласьцівых, галоўным чынам, цэльным і вялікім апавядальным жанрам.

Апрача таго, і даныя стылістычнага характару, паколькі яны знаходзяцца ў цеснай органічнай сувязі з тэматыкай твораў, таксама зьяўляюцца лішнім сьцьвярджаньнем магчымасьці для тых вывадаў, што мы высунулі. У яго мове мы вызначылі два стылі-гуморыстычны і стыль сур'ёзны, якія ўвогуле даюць адзіны многагранны і шматвобразны стыль, уласьцівы больш за ўсё і перш за ўсё шырокім апавядальным палотнам.

Калі будзе на тое дазвол, з мэтай толькі ўсяго папярэдняй спробы накідаць магчымую схему такога вялікага апавядальнага твору—роману ці аповесьці, дык, на нашу думку, паасобныя апавяданьні разгледжаных зборнікаў павінны, як паасобныя разьдзелы яго, разьмесьціцца ў наступным парадку.