Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыблізна ў роўнай меры, прыкладам, такой самай, у якой ён спыняецца на галоўнай асобе у апавяданьнях першай групы. Звычайна, яны так ярка ды памастацку акрэсьлены ў іх унутраным ды знадворным абліччы, што выяўленьне іх на фоне асоб другарадных зусім не выклікаецца канечнай патрэбай. Так, у апавяданьні „Калодка пчол" усе дзеючыя асобы яго, якія трапляюць у сьмешнае становішча з пустым вульлём пчол, аднолькавыя ў сэнсе іх героічнасьці і ў адносінах да таго становішча, якое займаюць яны ў апавяданьні. Тое самае роўнадзеючае значэньне герояў можна адзначыць у апавяданьні „Імяніны", „Соцкі падвёў", „У балоце", „Калядны вечар“, „Старасьць-ня радасьць", „Бунт", „Знайшлі“ ды інш. Ва ўсіх гэтых апавяданьнях, як гэта можна ўжо бачыць з разгляду тэматыкі іх, героі з таго ці іншага боку аднолькава героічныя і ўсе стаяць, прыкладам, на аднэй лініі ў пляне апавяданьня.

Нарэшце, апошняя часьціна апавяданьня—разьвязка ці эпілёг—таксама мае пэўныя композыцыйныя ўласьцівасьці, якія мусяць быць адзначаны. Часамі разьвязка ці пэўны канец твору прдаугадваецца дзякуючы тым выпадковым, але досыць ясным намёкам, якія кідаюцца аўтарам на працягу таго ці іншага апавяданьня. Прыклад такой пабудовы разьвязкі быў ужо адзначаны раней пры разглядзе апавяданьня „Соцкі падвёў".

У некаторых выпадках разьвязка ахінаецца ў форму казкі, якая ўстаўляецца ў канец твору. Такі эпілёг маюць апавяданьні „Дудар" і „Малады дубок". У першым—казка, расказаная поэтай сваім старэйшым братом, сымболічна малюе тое становішча, у якім знаходзіцца сам апавядальнік яе—дудар-Меншы брат, у ёй ён падае думку аб тым, якая мае, як ужо зазначалася, і агульнае і адначасна нацыянальна-беларускае значэньне, што песьні поэты часта недаступны і незразумелы людзям, з прычыны чаго поэта аказваецца адзінокім: яго слухае поле, балота ды лес. У другім апавяданьні казка, якая ўспомнілася Андрэю, што варочаўся з канторы лясьнічага з адказам, для яго няспрыяючым, таксама малюе сымболічна тыя адносіны людзей між сабою, якія характарны і для тэй конкрэтнай асярэдзіны, дзе жыве цяпер сам герой.

Канечна трэба адзначыць яшчэ выпадак разьвязкі выпадковай і немотываванай. Такі прыклад мы маем у апавяданьні „Трывога". Ужо зазначалася раней, у разьдзеле тэматыкі, што канец гэтага апавяданьня зьяўляецца нечаканым. Герой ад страху выбягае на вуліцу, накінуўшы ня сябе вывернуты ўверх шарсьцю жончын кажух; суседка яго - Лэя пякла пірагі і вышла ў сенцы з гарэўшай лучынай; гэты агонь праходзіўшая варта палічыла за пажар. Паднімаецца трывога. Але прыбегшыя людзі прымаюць Мікалая за чорта і разьбягаюцца. Усё гэта адбываецца вельмі хутка, бяз жадных падрабязных апісаньняў, і апавяданьне канчаецца тым, што Мікалай варочаецца ў хату. Такі спосаб алёгічнай разьвязкі, выведзены Я. Коласам, у поўнай меры зразумелы, калі прыняць пад увагу, што ён ужыты у гуморыстычным апавяданьні. Гумар сам па