Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А цяпер ішлі дадому" (9). Ці другі прыклад; у апавяданьні „Дзеравеншчына“ мы маем зачын: „як яно будзе далей, сказаць трудна. Скарэй усяго, што кепска, і сам Міхалка так думае, стоячы на каленках па некалькі разоў у дзень"... (29). Яго гісторыя, ранейшая, чым стан, які апісваецца, перадаецца значна далей: „Міхалка нядаўна прыехаў з вёскі... проста забралі яго сюды і ўсё, бо дома ня было дзе дзецца. Бацька памёр" і г. д. (30). Такі-ж самы зачын з Vorgeschіchte маюць і другія апавяданьні; сюды належаць: „Кантракт“, „Соцкі падвёў", „Кірмаш", „Андрэй выбаршчык", „Старасьць-ня радасьць", „Малады дубок", „Кажух старога Анісіма“, „Старыя падрызьнікі“, „Соцыяліст", „Дзяліцьба", „Знайшлі", „Выстагнаўся", „Так і трэба ашуканцу", „Казкі жыцьця".

Часамі ў апавяданьнях пры наяўнасьці раптоўнасьці ў зачыне, зусім няма Vorgeschіchte іx герояў. Так, апавяданьне „У балоце" пачынаецца такой сцэнай: „загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям'ёю, слугамі, коньмі, са ўсім панскім скарбам. Урэзалася яна ў гразь па самыя калодкі" (37) і г. д. У далейшым няма ніякіх вестак ні пра брычку, якая ўтапілася ў гразі, ні падрабязнасьцяй адносна тых, хто ехаў у ёй; іхняя фізыономія застаецца зусім няяснай. Такога-жа характару апавяданьні: „Калодка пчол", „На начлезе", „Злавіў", „Стараста", „Выбар старшыны". У некаторых апавяданьнях зачын мае ў сабе заўвагу на прысутнасьць нейкае таямнічае сілы (пра што гутарка ўжо была), якая таксама выклікае ў чытача зацікаўленасьць, падобную да тэй, якая ствараецца ў яго непасрэдным увядзеньнем яго ў сярэдзіну дзеяньня. Такога роду зачыны маюць апавяданьні: „Бунт“ і „Трывога". Першае пачынаецца словамі: „Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі зьбіраліся ў кучкі, спорылі між сабою, талкавалі" і г. д. (46). Другі: „Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога, чаканьне чагось страшнага і неадваротнага“ (90).

Шэраг апавяданьняў маюць уступ зусім іншага характару; раптоўнасьці ў іх няма. Яны пачынаюцца ці выкладам Vorgeschіchte дзеючых асоб ці малюнкамі прыроды, якія, як ужо зазначалася, вельмі цесна прымыкаюць да самой дзеі.

Так, апавяданьне „Дудар" з першых радкоў расказвае гісторыю трох братоў, сярод якіх быў і поэта: „Тром родным братом бог даў аднакі розум, аднакія мысьлі і думкі. Толькі не аднакая доля спаткала кожнага брата ў жыцьці. Хоць усім братом ня вельмі салодка жылося, але меншаму брату выпала самая горшая доля"... (7). Тое самае маем і ў апавяданьні „Імяніны", „Зло не заўсёды зло", „З днеўніка пана Жылака".

У апавяданьні „У старых дубох" зачын становіць сабой малюнак прыроды: „Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся на беразе Нёмна". (18); ці ў „Адгукнуўся": „Ноч была цёмная, ціхая, цёплая. Ні месяца, ні зорак" і г. д. (40). Такі самы зачын маецца ў апавяданьнях: „Васіль Чурыла", „Калядны вечар", „Зоркі-анёлы", „Жывая вада", „Думкі ў дарозе", „Недаступны", „Злучыліся".