Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дагэтуль мы разглядамі композыцыйныя спосабы агульнага характару, якія абымаюць сабою твор у цэлым, спыняючыся мімаходам на некаторых композыцыйных сродках прыватнага характару. Цяпер мы адзначым другія спосабы такога самага прыватнага характару.

Сярод іх, найперш, варта адзначыць адзін спосаб, які сустракаецца ў розных мясцох некаторых апавяданьняў Я. Коласа. Ён фігуруе і пры апісаньнях прыроды і чалавека. Сутнасьць яго ў тым, што аўтар сьпярша пералічае паасобныя зьявы, звычайна рэальныя, датычныя тэй ці іншай рэчы, а потым робіць агульны адцягнены вывад да яго, у якім ён абагульняе конкрэтныя выпадкі ў адным агульным ды шырокім выразе. Так, у апавяданьні „Васіль Чурыла" мы маем наступны прыклад; сьпярша ідзе пералічаньне: 1) „лаяўся пан лясьнічы, як праўдзівы майстар свайго дзела"; 2) „лаянка яго лілася доўга, плаўна, без запінкі"; 3) „кожнае слова быго ўзважана і біла па сэрцы цяжкім абухом" (6); потым непасраднае абагуленьне гэтага пералічаньня: „адным словам, думаў Васіль, абмылкаю нейкаю прышоў на сьвет гэты чалавек" (б). Ці у другім апавяданьні „Старасьць — ня радасьць" мы сустракаем такі самы спосаб у двух мясцох; першы прыклад: 1) „шарасьцяць па пяску вуліцы калёсы і крэкчуць ад цяжару наваленага гною ці дроў"; 2) „забарабаніць пустое вядро на плячах маладзіцы ці дзяўчыны"; 3) „з рэчкі дакоціцца крык плытнікаў і рыбакоў"; 4) „дзесьто з боку звонка гучаць дзіцячыя галасы, адным словам, адусюль даносяцца зыкі жыцьця" (17); другі прыклад, крыху ніжэй: „аб чым-жа Базыль думае? 1) Можа аб тым, што ён такі адзінокі і забыты, 2) што ўсе яго таварышы даўно ляжаць пад крыжамі... Адно толькі чуецца ў гэтых думках—старасьць—чуецца ў іх смутак"... (17).

Рэшта-ж прыватных спосабаў композыцыі датычыць паасобных пэўных часьцін у апавяданьнях нашага пісьменьніка, а менавіта іх пачатку ці зачыну, апісаньне самой дзеі ды разьвязкі ці эпілёгу.

Прыстасоўна да першага з адзначаных компонэнтаў, траба адзначыць спосаб раптоўнага зачыну ex abrupto большасьці апавяданьняў, які ўводзіць чытача проста ў сутнасьць справы ды інтрыгуе яго з самага пачатку. Гэты спосаб, вельмі пашыраны ў літаратуры, уводзіцца, якраз, каб выклікаць у чытача зацікаўленасьць да твору з першых-жа радкоў твору. Дзякуючы гэтаму, папярэдняя гісторыя дзеючых асоб, іx Vorgeschіchte, калі толькі яна ёсьць, звычайна адносіцца да далейшага зьместу твору. Гэты спосаб, які уводзіцца, каб павялічыць напружнасьць ды зацікаўленасьць апавяданьнем і які называецца часамі „перабудовай дыспозыцыі апавяданьня", надта характарны, якраз, для новэлі, як пэўнага мастацкага жанру. Прыкладаў ужываньня гэтага сродку ў Я. Коласа надта многа. Так, апавяданьне „Чорт" мае такі пачатак: — „Братка ты мой, Іван! Ты ведаеш, як я цябе люблю! Ну, дай пацалуемся! Во гэтак!.." і г. д. (9). Іх кароткае Vorgeschіchte, якая тлумачыць паданы зачын, паведамляецца ў некалькіх радкох крыху ніжэй; аўтар кажа: „Міхась і Іван лясьнікі. Зашлі яны да цёткі Фрумы і трынкнулі, што называецца.