Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на контрасьце: прамова, сур'ёзная з свайго зьместу, зьвернута да занадта дробнай і нязначнай рэчы, да выкінутага, непатрэбнага капялюша.

Нельга, нарэшце, не адзначыць некалькі выпадкаў ужываньня роўналежнасьці, як спосабу для групоўкі дзеючых асоб на два лягеры, звычайна па прыметах іх соцыяльнага пахаджэньня. Больш пуката гэты спосаб выяўляецца ў тых апавяданьнях, дзе героі належаць да розных грамадзка-політычных груп. Роўналежнасьць у такіх творах заключаецца ў тым, што героі аднэй соцыяльнай групы, звычайна сяляне, проціставяцца другой—ці вясковай шляхце („У балоце"), ці ўладзе („Соцкі падвёў", „Андрэй выбаршчык", „Бунт“, „Выбар старшыны" ды інш.), ці, нарэшце, прадстаўніком гарадзкой насельнасьці („Дзеравеншчына").

У межах паказаных відаў роўналежнасьці была адзначана наяўнасьць і другога спосабу, а менавіта, нарастаньня-градацыі, пра што таксама была ўжо гутарка пры разглядзе зьместу твораў Я. Коласа. У некаторых выпадках гэты спосаб выступае ў самастойным выглядзе, зьяўляючыся галоўнай асновай у композыцыйным пляне апавяданьня. Прыклад такой пабудовы на падставе градацыі мы маем у апавяданьні „Соцкі падвёў". У гэтым апавяданьні, якое мае характар зарысоўкі некалькіх бытавых сцэн, паасобныя яго эпізоды праходзяць перад чытачом у парадку нарастаючай градацыі. Галоўным носьбітам эмоцыянальных настрояў, якія паступова ўсё павялічваюцца, зьяўляецца вураднік. Зьявіўшыся ў самым пачатку апавяданьня, ён марыць аб сваёй высокай кар'еры: „Важна ходзіць па мястэчку вураднік, накручваючы рыжыя вусы... Яму здаецца, што ён раскрыў „праступнае саопчаство", захапіў бомбы, пісьмы і рэвольвэры, і ўсё гэта даставіў да начальства. Яму даюць павышэньне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а там... і пашоў наш вураднік у гару, як цыган па драбінах на неба"... (29).

Апошняя думка з параўнаньнем, па істоце, становіць сабой асноўную композыцыйную думку, паложаную ў аснову апавяданьня; на працягу яго вураднік сапраўды аддаецца высокім марам, якія растуць усё больш ды больш. Яны зноў апаноўваюць ім і ў самы рашучы момант дзеяньня, калі „соцыяліста" ужо арыштавалі: „усю дарогу думаў вураднік, якую карысьць прыносяць на сьвеце людзям вураднікі... Яму прадстаўлялася цэшка і прыстаўскія наплечнікі" (35).

Для павялічэньня эмоцыянальнага напружаньня і каб надаць большую рэзкасьць ды выразнасьць лятуценьням вурадніка, аўтар карыстаецца яшчэ і другімі дапаможнымі сродкамі. Адзін з іх быў ужо адзначаны раней; гэта—імгненная роўналежнасьць: арыштаваны „соцыяліст" ды цікаўны месяц. Другі сродак—гэта ўвядзеньне дзьвюх сцэн, дзе ўдзельнікі іх—сяляне, на чале з сотнікам Раманам Камлюком, нібыта і сур'ёзна размаўляюць аб падазроным „соцыялісьце" (гл. ІІ і ІІІ); унутраны сэнс гэтых размоў, як ужо зазначалася вышэй, падрыхтоўвае чытача да разьвязкі, маючы ў сабе зусім ясныя намёкі на ўяўнасьць соцыялістага, які зьявіўся. Разьвязка, як вядома, рэзка абрывае напружнасьць.