Старонка:Бярозка (1912).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дый мармочучы нешта сабе пад нос, сплюнуў, завярнуўся і пайшоў будзіць аканома.

Не рад, відаць, быў пан аканом а гэткай парэ вылазіць с цёплай пасьцелі: доўгі час круціў ён сваімі нашупырэнымі, як у таракана, жоўтымі вусамі, але што-ж ты зробіш: на тое служба! — устаў, апрануўся і пацягнуўся будзіць ахмістрыню.

Падыйшоўшы пад вакно, стаў сперша дэлікатна барабаніць па ім костачкай зложэнаго у кручок пальца, пасьля — ляпаць усей пецарнёй, урэшці, як пачаў пражыць кулаком у ваконную раму, дык праз нейкіе поўгадзінкі выпаўзла такі с пярыны тоўстая, прысадзістая ахмістрыня і, даведаўшыся, ў чым справа, валюхаючыся, як качка, пайшла у пекарню, дзе сваімі пухлымі, чырвонымі кулакамі, як бач, падняла на ногі дзьвёх дзевак — спадручніц сваіх, і гэтак грамадой сунуліся на мейсцэ важнаго здарэньня.

Віднець ужо пачынало, калі ешчэ агонь, мігочучы, перэлятаў то з сьвінарніка ў пекарню, то с пекарні у сьвінарнік; толькі днём, калі камісар па дакладу аканома і ахмістрыні ўпісаў у кнігі, што гэткаго-то чысла, месяца і году ад такіх-то бацькоў радзіўся рабы парсючок, ды занумэраваў яго, — ўсе супакоіліся. Толькі дзеўкам праз нейкі ешчэ час трэба было насіць маладой матцы асобную, лепшую яду, ахмістрыні — выдаваць на гэты корм іншую прымешку, а Марціну — часьцей зменяць падсьцілку. Але у скорасьці усё наладзілося, і жыцьцё паплыло сваім звычаем.

Гадаваўся Рабы на ўздзіў: і ў рост яго гнало і сыць брала непамерна; але бо, праўду кажучы, і яды яму было не набрацца: сваю мерку спітлюе, дый пачынае сквірчэць, — усё яму падбаўляй, ды падбаўляй, а чаго ўжо сам не ўбярэ, дык хоць вывярне с пасудзіны,