Старонка:Бярозка (1912).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Назаўтрае, даў Бог дзень, пайшоў гаспадар у хлеў. Глядзіць вол, аткінуўшы хвост і галаву, ляжыць на баку, дый паглядае с пад вока на гаспадара, што будзе? Гаспадар, бытцым нічога ня ведаючы а хітрыках Рабога, закінуў яму сена, ўсыпаў аўса і, прыйшоўшы ў хату, сьмяецца. Конка ізноў давай прыставаць да яго: «чаго шчырышся? мо з мяне чаго? Кажы праўду!» Мужык і кажэ: «не магу я табе праўды сказаць, чаго сьмяюся, бо тагды сьмерць мая прышла-б па мяне». На другі дзень ідуць гаспадар з гаспадыняй быка даведацца: ляжыць Рабы, хоць сена і салома да чыста спітляваў, толькі на другі бок перэвярнуўся. Гаспадар і кажэ да жонкі: «німа рады: зарэжэм быка, бо страта будзе вялікая, а так, то хоць што колечы выручым».—«Пачэкай да заўтраго, калі не паправіцца — рэж». Выйшлі яны с хлева, жонка пайшла ў хату, а мужык стаў пад варотамі слухаць, якая будзе нарада паміж яго жывёлай. Ажно бык і кажэ аслу: «дрэнную ты, асёл, раду мне прыдумаў; што-ж мне без пары пад нажом гінуць? Цяпер парадзь, братка, як з бяды выкруціцца?» — «Німа, кажэ ён, іншае рады: папраўляйся, бык! Глядзі, каб заўтра ты быў ужо здароў, бо гэтые жарты дрэнна могуць скончыцца: с цябе скуру злупяць, а мяне ў хамут на тваё мейсцэ ўшчэмяць!»

Чуўшы гэта, прыйшоў мужык у хату, дый сьмяецца: «заўтра наш Рабы здароў ужо будзе!» — «А ты скуль ведаеш? Чаго вышчэрыўся? Кажы! — крычыць, тупаючы нагамі, жонка. Зара мне кажы! Ты хіба нешта пра мяне ведаеш, што абы ў хату, дык сьмяешся! «Ну!? — Сьмерці маей ты, кабета, хочэш, ці што? — атказывае мужык. Гаварыў я табе, што калі прызнаюся перэд табой, чаго я сьмяюся, дык у той час паміраць мне прыйдзецца».