Старонка:Бярозка (1912).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВУЧОНЫ БЫК.

Павёў Язэп бычка-трэцячка на рынак прадаваць; на дарозе спатыкае салдатоў; тые і пытаюцца Язэпа:

— Куды, старчэ, бычка вядзеш?

— На торг прадаваць вяду,—кажэ Язэп,—такі нейкі неўдалы, наравісты удаўся, што рады даць не магу. Эх дурны ты, землячок, кажуць салдаты, — што-ж ты возьмеш за гэткую злыбіну? Аддай лепш нам яго на навуку ў горад на які год. Дык прынамсі апасьля жмені са тры грошы згорнеш.

Падумаў, пачухаў патыліцу, Язэп, — падумаў — згодзіўся і аддаў бычка на навуку салдатам, а сам вярнуўся да дому.

Мінуў год; пайшоў Язэп у горад па свайго быка. Дапытаўся салдатоў, каторым атдаў сваю жывёлу на навуку, прыходзе да іх і пытае:

— Ну, землячкі, як мой падласы? Чы добра навучыўся?

— Ах, каб ты ведаў, кажуць яны, якой бяды набраліся мы з ім! Сперша — як сперша: брыкаўся, тузаўся, бадаўся, — але неяк далі рады: — угаманіўся; толькі, як прыйшло ўжо да самай навукі, то так стаў скора браць усё ў свой бычачы розум, што аж рогі паадпадалі, шэрсьць выпаўзла, стаў хадзіць на двух нагах, словам зусім падабнюсенькі стаўся да чэлавека, а які разумны, аж дзіва!