Перайсці да зместу

Старонка:Буралом (1925).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Во-во скажуць тайны сказ,
Шэпнуць словачка хоць раз…
Над гаёчкам над хваёвым
Пад абшарам пад сталёвым
Ціш вісела ільдзяная,
Ціш сьмяротная, нямая;
Жудзь дрыжэла на палёх,
На цяністых пустырох.
«Гэй, нябёсны божа, дзе ты,
Ў рызах вогненных адзеты?»
«Дзе ты? — водгалас гавора
На шырокім на прасторы.
«Дзе ты? — кажа цёмны бор.
«Дзе ты? — крык імчыць да зор.
«Што-ж ты бедных не ратуеш?
Ці ня бачыш? Ці ня чуеш?
Мы-ж папоў тваіх паілі,
Мы-ж ксяндзоў тваіх кармілі,
Мы-ж малілісь да хрыпот
У царкоўных у варот.
Лобам камні прабівалі,
Шчыра сьвяты сьвяткавалі,
Ў нашых хатах у старых —
Малявідлы ўсіх сьвятых.
Пад мядзянымі званамі
Чорнарызьнікі над намі
Шуткавалі, жартавалі,
Нашу цемру вартавалі.
Гулка бомкалі званы.
Ці ня хлусілі яны?
Мо ўсё выдумкі і глумы?»
Так старэнькі думаў думу.
А нябёсныя пустоты
Давадзілі да макроты…
Дзед пусьціўся нацянькі,
Дзе луналі аганькі.