∗ ∗
∗ |
На благія жарты-кпінкі
Пан ім ладзіць вечарынкі.
Ён у шумным карагодзе
Страхацьцё на іх наводзіць,
Бо іх мацае рукой:
Робіць спробы над красой,
А каго з іх спадабае, —
Ночку цэлую трымае…
Шмат гадоў насілісь стогны.
Бедны стараста прыгонны
Волю пана выпаўняў —
Ён дзяўчат сюды зганяў.
∗ ∗
∗ |
Раз падвечар громка, строга
Кліча старасту старога
Пан сьляпы к сабе ў камору,
Кажа «Во якраз у пору
Ты прышоў! Наладзь гульню,
Знаеш, так, як я люблю!
Калі не, дык закатую,
Хамскай скуры не шкадую!
Я зьдзяру яе ды з мясам
Маім выжлам на каўбасы.
Мой фурман на гэта зух, —
Выб‘е твой мужыцкі дух!»
Мужычок стаіць, трасецца:
«Дзе схавацца, дзе тут дзецца?
Заклююць, зьядуць сяляне,
Мне жыцьцё пякельняй стане.
Вось паганства, вось брыда,
Проста гора ды бяда!»
Вышаў стараста з пакояў.
Над зямелькай зорак роі
З неба сіняга глядзелі,
Нібы штось казаць хацелі.