Нібы страхі-чорнарысы,
Нібы кнігі-летапісы,
Хаткі стадаю цямнелі,
Вокны дробныя мігцелі.
Пад нагой квахтала гаць.
Дзед пачаў дзяўчат зьбіраць…
«Гэй, на згон-прыгон да пана?
Пабалюеце да рана!
Хто шкадуе сваю цноту,
Дык бізун паддасьць ахвоты!
Падбярэце, дзеўкі, хор
І да пана сыпце ў двор!
У сьвяточных у намітках,
У суконных новых сьвітках,
У гарсэціках, каралях
Трэба быць на панскіх балях.
Гэй, у двор на згон-прыгон!»
У вадказ ён чуе стогн,
Ён ідзе ад хаты ў хату.
Крык і плач. Усе дзяўчаты
У хмызьнякі пауцякалі,
Іх бацькі тайком схавалі.
Шмат страхоцьця, шмат жуды.
Дзе ратунак ад бяды?…
∗ ∗
∗ |
У палацах пан сярдзіты.
У атласе ўвесь абвіты,
Нецярплівы, чагось хоча,
Ўверх глядзяць сляпыя вочы,
Што ад бельмаў йшчэ страшней
То ня пан глядзіць, а зьмей.
А музыкі ў гулкай залі
Ладзяць скрыпкі і цымбалы.
А лякаі стол рыхтуюць
Па куткох сабе жартуюць,
Няпрыстойныя слаўцы
Сыплюць градам малайцы.