Перайсці да зместу

Старонка:Буралом (1925).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бо на панскіх на загонах
Так-сяк звыкліся з прыгонам;
У хацінках курных, цесных
Пацяшалісь часам песьняй;
Песьня мкнулася ўгару
На агнёвую зару,
І адтуль чырвоным птахам
Біла крыльлямі аб дахі:
Зыкі брызгалі яскрава
На абшары, на дубравы, —

Дзеі горшыя былі,
К ім прывыкнуць не маглі:
Вочы панскія сьляпыя,
Як ражонішчы страшныя,
Бедных рэзалі-калолі
Да вялікай дзікай болі;
Той сляпы, той панскі зрок
Пранікаў людзкі куток
І даводзіў да дрыготаў.

Адпадала на‘т ахвота
Жыць на сьвеце — бельмы пана
Аж да вечара ад рана
Ўсюль тырчалі, як сукі,
Як сталёвыя цьвякі:
Пан сьляпы, а заўжды знае,
Дзе дзяўчынка маладая,
Дзе красуня-маладуха, —
Да яго даходзіць слуху.

Да сябе з вясковых хат
Згоніць пан усіх дзяўчат;
Корміць, поіць салам, мёдам,
Кружыць гучным карагодам.

Граюць скрыпкі і цымбалы
На вясёлым панскім балі
Дзень за днём, за ночкой ноч,
Ажна іскры сыплюць з воч.