Перайсці да зместу

Старонка:Буралом (1925).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Беларусь.

I.

Цябе вякі, як мумію, спавілі
Папоўскай цьмой і панскім бізуном.
Сярод жывых ляжала ты ў магіле,
Паміж славян — між каласоў залом.

А над табой жрацы, бы ў ночы совы,
Сьпявалі кант і жудасна раўлі.
Выцьцё званіц глушыла шум дубровы,
Задушак шэпт палохаў шыр ральлі.

Касьцёл, царква жар-сонца затулялі,
Туманіў мозг вядзьмарскі забабон.
А зьдзек-груган з высотаў, зьнізу, з даляў
Ірваў твой сьпеў — «мужыцкі, хамскі» стогн.

Страшным судом яго званар палохаў,
А бізуном — агідны пан ліхі.
Ў нядзельны час бядак крахтаў і вохаў —
Грашмі ў царкве замазываў грахі.

Як п‘явак жмут, сасуць твой карк бажніцы,
А гандляроў — як плойма дымных хмар.
Радзіны, сьмерць, хаўтуры ці жаніцца —
Два макляры пры гэтым: поп, карчмар.