Рэволюцыя лютага.
(12-е сакавіка).
Канец дынастыі Раманавай.
Ня можам жыць далей абманамі
Пад дзікасмаглымі тыранамі.
На фронце гінулі мільёнамі,
Па гарадох стагналі стогнамі,
Па вёсках — птухі-жар чырвоныя —
То — дзеці жудасных гранат.
Даволі біці брата брат!
Снарадамі шнуры завораны.
За што якое біцца з ворагам?
А хто ды з кім? О, гора, гора нам!
То-ж раб-працоўны б‘е працоўнага,
Нявольнік рэжа свайго роўнага,
У ланцугох усе закованы.
Для багачоў на сытны пір
Ідзе бядак у сьмерці вір.
Зачырванеўся Піцер сьцягамі,
Па вуліцах цягнулась цягамі
З бунтарскай слаўнаю адвагаю
Статысячная демонстрацыя.
„Гэй, прэч вайну! нам хлеба! працу нам!
Ня будзем з братам немцам драцца мы!
Багатай своры на карысьць
Ня будзем беднаго мы грызьць!
Гэй, прэч-далоў самадзяржаве!“
Хоць змучаныя, але жвавыя.
На вуліцах стральба крывавая.